творы:янка-журба:янка-журба-усход-сонца
Янка Журба — Усход сонца
Ужо золак заззяў,
Святло льецца ў прастор.
I ачнуўся ад сну –
Ціха шэпчацца бор.
Як кудзеля, туман
Яшчэ вісне ў палях,
I струменіць-плыве
Ад лугоў свежы пах.
Загарэўся агнём
Край усходні нябёс,
I ляцяць на зямлю
Іскры сонечных кос.
I здаецца – ўвесь свет
Яркім сонцам сагрэт.
Сонцу рада зямля –
Шле усмешку-прывет.
Прашумеў вецярок
Па кустах лазняка –
I іскрыцца-гарыць
Залатая рака.
А ўгары – небасхіл
Хараством зіхаціць…
Сонцу яснаму гімн
Безупынна гучыць.
Падобныя старонкі
творы/янка-журба/янка-журба-усход-сонца.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 16:04 — vedybeadmin