творы:эдуард-валасевіч:эдуард-валасевіч-шпунт
Эдуард Валасевіч — Шпунт
У кожнага сваё прызванне:
Хто сее хлеб, хто варыць сталь,
Хто новыя ўздымае рыштаванні,
Хто песняй кліча нас удаль!
А ёсць каторы…
(Тут байку трэба пачынаць…)
…Ён не хапае з неба зорак:
Умее прыслужыць, умее памаўчаць,
Умее ўсміхнуцца ветліва, лагодна,
Паведаміць начальству першым радасную навіну,
Сагнецца у дугу прад ім ахвотна,
А сябру у бядзе дасць кухталя ў спіну…
Шматгранны талент! Проста цудадзейны!
То голас грубы, то салодзенька-ялейны…
Заўсёды быць імкнецца на віду,
Калі яму то выгадна, вядома.
Ніколі не палезе першым у ваду,
Аднак параіць, як сігнуць другому…
І хоць тыпаж мінулых ён фармацый,
Учэпіста трымаецца за грунт.
Хто ён такі? Не цяжка здагадацца –
Пад бочку кожную гатовы шпунт!
Падобныя старонкі
творы/эдуард-валасевіч/эдуард-валасевіч-шпунт.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:45 — vedybeadmin