Эдуард Валасевіч — Шчупак і Плотка
Стары Шчупак за Плоткаю улёг…
(Не дзеля спорту, зразумела.)
Але схапіць яе за хвост не змог.
І тут ён лёстачкі пусціў умела:
– Каго ты напалохалася так?
Чаго ты ад мяне маланкай сіганула?
Не Сом я, не Акула –
Звычайны і бяскрыўдны я Шчупак.
Калі дасі мне веры,
Няма і ў думках у мяне благіх намераў…
Наадварот, прызнаюся, каб знала,
Ты хараством сваім мяне зачаравала!
Аж сорамна казаць –
Ні есці не магу, ні спаць…
Здаецца, прыгажунь я сустракаў нямала,
Але падобных краль,
Дальбог, не бачыў зроду!
Ты нібы зорачка срабрыстая між хваль!
Ты каралева! Ты вянец прыроды!
… У Плоткі сэрца зашчымела з асалоды,
Дых заняло ад красамоўства!
Яна забыла асцярогу, страх,
І… ў шчупаковых апынулася зубах…
Дзе ёсць ліслівасць – там і вераломства!