творы:эдуард-валасевіч:эдуард-валасевіч-нос
Эдуард Валасевіч — Нос
Мясісты, тлусты і кірпаты Нос,
Што красаваўся ганарыста на шырокім твары,
Раптоўна асядлалі акуляры…
Зачмыхаў ён, як паравоз:
– Нахабства! Я не пацярплю!
Я акуляры скіну! Раздраблю!
Не для таго я гадаваўся,
Каб для кагосьці я стараўся!
– Чаго ты расхадзіўся? – запыталі Вочы, –
Ты зразумець не можаш ці не хочаш
Той простай ісціны, што ты без нас
На брук ці ў бруд пялёхнуўся б не раз…
Ёсць фанабэрыстыя ў нас асобы,
Што толькі для сябе жывуць,
А для другіх і пальцам не жадаюць варухнуць…
Ім байка прыйдзецца, відаць, не да спадобы.
Падобныя старонкі
творы/эдуард-валасевіч/эдуард-валасевіч-нос.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:45 — vedybeadmin