творы:эдзі-агняцвет:эдзі-агняцвет-зямля-з-блакітнымі-вачамі
Эдзі Агняцвет — Зямля з блакітнымі вачамі
Зямля з блакітнымі вачамі –
Раздолле рэчак і лугоў!
Тут называюць Васількамі
На Беларусі хлапчукоў,
Звіняць крыніцы, як цымбалы,
Сцяжынкі свецяць у лясах.
Палі, узгоркі, перавалы –
Прасторны шлях, далёкі шлях!
Краіна славы партызанскай,
Краіна міру і даброт!
Ты – наша гордасць,
Наша казка,
Як сонца, шчодры твой народ.
Твае сыны,
Твае унукі,
Мы любім гул тваіх бароў.
І рэкі цягнуцца, як рукі,
Да цёплых, верных рук сяброў.
1976 г.
Падобныя старонкі
творы/эдзі-агняцвет/эдзі-агняцвет-зямля-з-блакітнымі-вачамі.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:58 — vedybeadmin