Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:сяргей-грахоўскі:сяргей-грахоўскі-вячэрняя-малітва

Сяргей Грахоўскі — Вячэрняя малітва

Да поўначы, укленчыўшы, хрышчуся,
У неба, у зорак і ў Бога малю
Даць волю і долю маёй Беларусі,
Вярнуць нашу мову, душу і зямлю.

Даўно мы знямелі, аглухлі, аслеплі,
Зайшоўся ад болю і голас, і зык,
Нас прыхадні гналі пад кулі і ў петлі
I вырвалі ў нашага Бога язык.

А Бог уваскрос, і жывы, і нязводны,
Распяты не раз без адходнай імшы,
У памяці нашай, у долі народнай,
У кожнай жывой акрыялай душы.

Зацятыя прыхадні енку не чуюць,
Бо ведаюць толькі: «крышы» і «карай»!
Пагардай і лютай знявагай лінчуюць
I мараць пра «Северо-Западный край».

Яго нашы продкі і мы паспыталі,
Але не здаліся пякельнай бядзе:
Прарока нам Бог дараваў на Купалле,
Каб ён запытаўся: «А хто там ідзе?!»

О, Божа магутны, малю і малюся:
Спрадвечныя нашы пакуты згадай,
Хоць ты заступіся за лёс Беларусі
I згінуць не дай.

30 чэрвеня — 3 ліпеня 1992 г.

Падобныя старонкі

творы/сяргей-грахоўскі/сяргей-грахоўскі-вячэрняя-малітва.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 16:04 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki