Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:янка-купала:янка-купала-а-хто-там-ідзе

Янка Купала — А хто там ідзе?

А хто там ідзе, а хто там ідзе
У агромністай такой грамадзе?
– Беларусы.

А што яны нясуць на худых плячах,
На руках ў крыві, на нагах у лапцях?
– Сваю крыўду.

А куды ж нясуць гэту крыўду ўсю,
А куды ж нясуць на паказ сваю?
– На свет цэлы.

А хто гэта іх, не адзін мільён,
Крыўду несць наўчыў, разбудзіў іх сон?
– Бяда, гора.

А чаго ж, чаго захацелась ім,
Пагарджаным век, ім, сляпым, глухім?
– Людзьмі звацца.

Падобныя старонкі

творы/янка-купала/янка-купала-а-хто-там-ідзе.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:45 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki