творы:станіслаў-шушкевіч:станіслаў-шушкевіч-гусанькі
Станіслаў Шушкевіч — Гусанькі
Паляцелі гусанькі
па цяпло,
Туды, куды лецейка
ўцякло.
Як ляцелі нізенька
над зямлёй,
Жаласліва крыкнулі
ўсёй сям’ёй.
Рэкі і імшарышчы,
сенажаць
Шкода шэрым гусанькам
пакідаць.
Ды нядоўга ўдалечы
ім бываць,
Ды нядоўга гусанькам
гараваць.
Зноў пачуем зводдалі
шумны крык,
Калі прыйдзе радасны
красавік.
Прынясуць нам з выраю
зноў цяпло,
Што ў пару асеннюю
ўцякло.
Падобныя старонкі
творы/станіслаў-шушкевіч/станіслаў-шушкевіч-гусанькі.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:44 — vedybeadmin