Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:рыгор-крушына:рыгор-крушына-твае-вочы

Рыгор Крушына — Твае вочы

Калісьці глыбока зірнуў табе ў вочы.
Зрабіў гэта добра, ці не?
Твой сонечны позірк – нявінны, дзявочы –
Спалохана ўцёк ад мяне.

Уцёк, а чаму? Маё сэрца гадае,
Гадае даўгія гады.
Твой позірк жыве, дзесьці мне спагадае
I кліча-гукае… Куды?

У тую краіну, дзе мелі спатканьні,
Дзе я захапляўся табой,
Дзе соладка-страшна было ў хваляваньні
I пальцы хрусьцелі мальбой.

Былыя пачуцьці ўвайшлі ў катакомбы.
Мо лепш ня трывожыць сябе?
Тут прывідам, выбухам атамнай бомбы
Твой вобраз паўстаў у журбе.

Зьбянтэжаны позірк – нявінны, дзявочы –
Калісьці уцёк ад мяне…
Навошта-ж цяпер мне далёкія вочы
Прыветна сьмяюцца ўва сьне.

Падобныя старонкі

творы/рыгор-крушына/рыгор-крушына-твае-вочы.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:58 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki