творы:рыгор-барадулін:рыгор-барадулін-уцякала-зіма-ад-вясны
Рыгор Барадулін — Уцякала зіма ад вясны...
Уцякала зіма ад вясны
Па кустах вербалозаў рагатых, —
Ёй каптан абарвалі яны,
I на голлі матляецца вата.
Уцякала зіма ад вясны,
Уцякала па рэках, азёрах,
Лёд затрэскаў, закрэктаў, заныў,
Здрадзіў лёд —
і вада на прасторы.
Толькі звон крыгалому ачах —
Брод шукаюць бярозы-бяглянкі
I трымаюць на ніцых1 плячах,
Як дзяцей палахлівых,
буслянкі.
А вясна даганяла зіму;
Заяц скочыў у лужу блакіту,
Бо на хвост наступіла яму,
I пралескі распырскаў, раскідаў.
I ўцякала зіма ад вясны,
Пад нагамі ламачча затлела,
Парастрэсла па сцежках лясных
Снег апошні свой
з ландышаў белых.
Уцякала зіма ад вясны —
Уцякала.
1 Ніцы — які мае доўгія звісаючыя галіны (пра дрэвы і кусты).
Падобныя старонкі
творы/рыгор-барадулін/рыгор-барадулін-уцякала-зіма-ад-вясны.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 16:03 — vedybeadmin