творы:рыгор-барадулін:рыгор-барадулін-пеўнік-весялун
Рыгор Барадулін — Пеўнік-весялун
Ку-ка-рэ-ку!
Хвост дугой.
Не сябрую я з тугой.
Я знайшоў
Для малышоў
Зерне дзіўных спарышоў.
Вырастае з зерня смех,
Аж яго не ўмесціць мех.
А яшчэ
Растуць загадкі,
Жарты,
Казкі-самаскладкі.
Прыбабунькі
І шаптушкі
Хітрыя тапыраць вушкі.
І казычуць,
Як іглінкі,
Весялінкі
Штохвілінкі.
Тых,
Хто сумным стаць паспеў,
Будзіць
Мой вясёлы спеў.
Падобныя старонкі
творы/рыгор-барадулін/рыгор-барадулін-пеўнік-весялун.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:44 — vedybeadmin