Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:рыгор-барадулін:рыгор-барадулін-зіма

Рыгор Барадулін — Зіма

Гай маўчыць – лістоў няма,
даль азябла сіняя.
Зноў да нас прыйшла зіма
рупнай гаспадыняю.

Вымела без памяла
поле з першапуткамі.
Хусту з галавы зняла,
рунь малую ўхутала.

Суняла дачок-завей,
каб дарма не бегалі,
а вязалі, ды хутчэй,
рукавічкі белыя.

Для ялінак- немаўлят,
для хваінак тоненькіх.
У зімы работы шмат:
ходзіць, ходзіць гонямі.

Рассцілае абрусы,
дорыць шапкі цёплыя…
Спяць азёры, спяць лясы,
спяць стагі на поплаве.

Спорыцца ўсё ў яе.
Неба распагодзіла.
Дзе парадку не стае,
дык ідзе ў абходзіны.

Падобныя старонкі

творы/рыгор-барадулін/рыгор-барадулін-зіма.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 16:03 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki