Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:рыгор-барадулін:рыгор-барадулін-бацьку

Рыгор Барадулін — Бацьку

Не выйшаў ты і ў гэты раз
Мяне спаткаць, паднесці рэчы…
Ля весніц, толькі зноў твой вяз
Крануў галінамі за плечы.

Ты мне не падасі рукі.
Глядзіш удаль з-пад шкла партрэта…
Ці бачыш, вырас сын які?
Скажы хоць слова для прывета.

А я… чакаў з усіх дарог
Цябе ў сорак чацвёртым летам.
Калоны ні адной не мог
Я прапусціць з ахапкам кветак.

Хацелася пачуць: «Сынок…»
І крыкнуць радаснае: «Тата!»
Бацькоўскім быў мне кожны крок…
Усё ішлі, ішлі салдаты…

Каторы раз сыходзіў снег…
Дамоў вярнуліся суседзі.
Я кожнаму насустрач бег
І чуў кароткае: «Прыедзе…»

Калі ў крыўдзе мне сябры
Гразіліся падчас бацькамі,
Тады хацелася наўзрыд
Заплакаць шчырымі слязамі.

Не плакаў я – усім на злосць,
Бо ў хаце быў адзін – мужчына.
Не йшоў ты…
Маці маладосць
Глыбей заворвалі маршчыны.

І зараз – еду я здалёк,
Чакаю ўсё – зайду, а маці
Мне кажа: «Пазнаеш, сынок?
Вось наша ўся сямейка ў хаце…»

Паверыць цяжка мне таму,
Што больш не прыйдзеш ты дадому.
А шапку я заўжды здыму
Перад магілай невядомай.

1958

Аналіз верша
Гэты верш Р. Барадуліна – адзін з самых аўтабіяграфічных. Паэт хвалююча перадаў уласныя перажыванні, калі ён, хлапчук-падлетак, з надзеяй і нецярпеннем чакаў пасля перамогі вяртання дадому бацькі-партызана. І пасля, ужо стаўшы юнаком, а потым і дарослым чалавекам, ён з матуляй, Акулінай Андрэеўнай, спадзяваўся і чакаў… Паэт часта прыгадваў перадваенны час, калі сям’я была поўнай і шчаслівай, калі ён, хлопчык, насіў бацьку на працу абеды, прыгатаваныя руплівай матуляй…
Вясной 1941 года бацька з сынам каля сваёй хаты ва Ушачах пасадзілі малады вяз. Вось як пра гэту падзею і ўражанні вайны, што сталі вобразна-асацыятыўнай асновай твора, успамінаў пазней паэт: «Я памагаў трымаць дрэўца, роўнае на рост са мной. Чэрвень сорак першага… <…> А я ўсё паліваў і паліваў маленькі вяз… Нам двум доліла астацца расці. Вяз так і не ацяніў галавы Івана Рыгоравіча… <…> Зайшоў немец. Я сядзеў і маляваў. Ён памог мне дамаляваць хату. З коміна кучаравы дым. <…> Другі немец у сорак чацвёртым спаліў нашу хату. <…> Шэрыя хмары палонных сунуцца бальшаком. Пыл. Ад яго вяз стаў падобным на капешачку сена».
Уражанні дзяцінства і незагойны боль па загінуўшым у ваеннае ліхалецце бацьку ляглі ў аснову верша «Бацьку». Твор быў напісаны праз 13 гадоў пасля заканчэння вайны, калі ўсе, хто застаўся жывы, ужо вярнуліся дадому. У радках выразна гучыць тэма вайны і вялікага чалавечага болю па страчаных родных людзях. Па форме мастацкага выказвання гэты верш – маналог сына, звернуты да бацькі, пра гэта сведчыць і загаловак твора. У выказванні лірычнага героя хвалююча перадаюцца думкі і пачуцці цэлага пакалення дзяцей вайны, якія засталіся сіротамі, бязбацькавічамі.
На першае месца ў вершы выступае асабістае перажыванне, што ўвасабляецца ў мастацкіх вобразах вяза, які стаў вялікім дрэвам: не бацькавы рукі абдымаюць зараз ужо дарослага сына, а толькі «вяз крануў галінамі за плечы» хлопчыка, які з ахапкам кветак дарэмна сустракаў калоны воінаў-вызваліцеляў, шукаючы сярод іх свайго тату, таго ж хлапчука, якога часам крыўдзілі сябры і якому вельмі не хапала абароны і падтрымкі бацькі… Гэтаму падлетку, аўтабіяграфічнаму лірычнаму герою, часта хацелася горка, роспачна заплакаць, але ён трымаўся і трываў. Так прыходзіла сталасць да ўсяго пасляваеннага пакалення дзяцей і падлеткаў. Узмацняе пачуццё драматычнага чакання бацькавага вяртання з вайны надзвчай хвалюючае вобразнае ўвасабленне:

Не йшоў ты…
Маці маладосць
Глыбей заворвалі маршчыны.

Вобраз матулі, маладыя гады якой праходзяць у спадзяванні на цуд, на доўгачаканае, выпакутаванае шчасце, яшчэ больш узмацняе пачуцці болю, чакання і ўсё яшчэ надзеі:

І зараз – еду я здалёк,
Чакаю ўсё – зайду, а маці
Мне скажа: «Пазнаеш, сынок?
Вось наша ўся сямейка ў хаце…»

Можна сказаць, што ў першых васьмі строфах верша лірычны герой расказаў пра вялікі ўласны боль і смутак. Але народжаны асабістымі перажываннямі твор усё ж мае абагульненае гучанне. Ад імя цэлага пакалення, чые бацькі, родныя не вярнуліся з вайны, паэт выказаў хвалюючыя пачуцці не толькі болю і смутку, але і высокай, удзячнай вечнай памяці пра тых, хто абараняў свет і жыццё. Пра гэта сведчаць апошнія радкі верша:

А шапку я заўжды здыму
Перад магілай невядомай…

Падобныя старонкі

творы/рыгор-барадулін/рыгор-барадулін-бацьку.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:44 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki