творы:раіса-баравікова:раіса-баравікова-чаму-навошта-што-ні-дзе
Раіса Баравікова — Чаму? Навошта? – што ні дзень з пытання...
Чаму? Навошта? – што ні дзень
з пытання.
Вышукваеш нуды маёй прычыны,
а я заўсёды думала, мужчыны
ніколі не ўдаюцца ў сэнс кахання.
Як часам незаўважна ўскрыліць мара,
надзея ўспыхне з аднае усмешкі,
хто знае, на якіх кастрах згараем,
раздзьмухваем якія галавешкі?..
Дзеля чаго? Спрадвечная пакута.
Чакаем ночы, каб не спаць да дня.
Адзін гаворыць – мёд,
другі – атрута,
і кожны выпіць хоча ўсё да дна.
Падобныя старонкі
творы/раіса-баравікова/раіса-баравікова-чаму-навошта-што-ні-дзе.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:44 — vedybeadmin