творы:раіса-баравікова:раіса-баравікова-апошняя-сустрэча
Раіса Баравікова — Апошняя сустрэча
Азвуцца хутка снегапады.
Пра іх ужо гамоняць ветры.
А мы з табой зіме не рады
у гэты вечар непрыветны.
У час апошняе сустрэчы
засланы вочы ціхім жалем,
пакутліва накрыла плечы
я пры табе пуховым шалем.
Глядзіш адчужана, зласліва –
я для цябе ужо чужая!
На санках снежаньскіх імкліва
да нас расстанне пад'язджае.
Адводжу позірк свой маўкліва
і час зацягваю упарта!
З табою не была шчаслівай,
а без цябе і жыць не варта!
Лягла на твар разлукі боязь,
ды пагляджу ніякавата…
І пакланюся нізка ў пояс,
нібыта ў нечым вінавата.
1978
Крыніца: Баравікова Р. Пад небам першага спаткання. Лірыка, – Мн.: Маст, літ., 1990, – 174 с.
Падобныя старонкі
творы/раіса-баравікова/раіса-баравікова-апошняя-сустрэча.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:44 — vedybeadmin