Пімен Панчанка — Мала сказаць: ненавіджу...

Мала сказаць: ненавіджу,
Мала сказаць: прызнаю.
Біцца за праўду – і выжыць,
Нібы салдат у баю.

Дрэннаму – не пакарыцца,
Добрае – не празяваць.
З дробнай хлуснёй не мірыцца,
З буйнай хлуснёй ваяваць.

Гэтым бы і кіравацца…
Толькі і зло, і хлусня
Хітра маскіравацца
Вучацца спрытна штодня.

Нехта і подлы, і хіжы
Клятву паўторыць тваю:
З ворагам біцца – і выжыць,
Нібы салдат у баю.

1976

Падобныя старонкі