Так ісці на захад, гэтак перці
За эпоху можна толькі раз.
Есці захацелася да смерці,
Ну, а повар з кухняю заграз.
Падцягнулі рамяні з тугою,
Леглі адпачыць пад сіняй хвояй,
На сухой абочыне шашы.
Рай – для ног, цыгарка – для душы…
Спрэчка пачалася нечакана:
Што смачней з усіх вядомых страў?
«Хаш і лобі! – першым крыкнуў Вано,-
Я б сем місак зараз увабраў».
«Плоў, – сказаў Ахмет. – Калісьці дома…
І пацмокаў смачна языком.
А Гурген ускочыў: «Вы знаёмы
З ерэванскім сочным шашлыком?»
Я тут узгарэўся не на жарты:
«Вашых страў я ганіць не хачу:
І яны што-кольвек, пэўна, варты,
Як хвалілі знаўцы іх – я чуў.
Сорам пра найлепшае не ведаць, –
Рынуўся я ў наступ на байцоў, –
Калі смачна хочаце паснедаць,
Закажыце бульбы з селядцом.
Печаная бульба – гэта казка,
Паскрабеш нажом – і калі ласка.
Жоўтая скарынка, як пірог,
Будзеш уплятаць яе за трох.
Трапіш да кабеціны рахманай –
Паспытаеш, друг мой дарагі,
Дранікі са свежаю смятанай,
Бабку, клёцкі, нават пірагі.
З нашай бульбы тысячу, не меней,
Смажаць і гатуюць розных страў…»
Я ўсхапіўся з месца і з натхненнем
Песню ім пра бульбу праспяваў.
Бачу: праняла мая прамова,
Зараз крыкнуць: «Дзе яна? Гарні!»
…Добра, што пад’ехаў ротны повар
На рудым запараным кані.