Ніна мацяш — Дажджынка

На хвалях ранку – нібы ў яліку, –
А колькі сонца пасля ліўня! –
Дажджынка коціцца па яблыку
I вось сарвецца зараз, згіне!

А ў ёй – палова неба сіняга,
Крыло ўрачыстае вясёлкі,
I гай бярозава-асінавы,
Што прытуліўся да пасёлка.

I два камбайны – два караблікі –
На фоне яркага бяздоння.
…Зрываецца паўсвету з яблыка
I мне – ў далоні.

Падобныя старонкі