Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:мікола-мятліцкі:мікола-мятліцкі-лясны-калодзеж

Мікола Мятліцкі — Лясны калодзеж

У спратах папараці – во дзе! –
Між каранёў-пляцёнак хвой
Лясны закінуты калодзеж
Вадой калышацца жывой.

Старая конаўка збурэла,
Бяросты лушчыцца луска.
У хваляванні як нясмела
Бярэ цяпер яе рука.

Ручэй – гарэзны сын крынічкі –
Ад зруба булькае ў траве.
I толькі восы, быццам знічкі,
Лятаюць-зумкаюць: – Жыве!

Адбіўшы пасму аблачынкі,
Ты згадак пырскамі абдаў.
Мне не забыць тае дзяўчынкі,
Якой, было, вады падаў.

Гарэлі сонечныя промні
На вуснах кроплямі святла.
Чароўны міг трапётка помню,
Як з белай конаўкі піла.

Дзяркач пытае на балоце
Дзяркатым голасам бяды:
У лета ядзернай спякоце
Хто сёння ёй падасць вады?

Падобныя старонкі

творы/мікола-мятліцкі/мікола-мятліцкі-лясны-калодзеж.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:43 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki