творы:мікола-мятліцкі:мікола-мятліцкі-верасень
Мікола Мятліцкі — Верасень
Абходзіць верасень лясы
З няпамятных часоў.
Тырчаць-тапырацца вусы
З блакітных верасоў.
Таемнай сцежкаю ідзе
Пад ветру спеўны свіст.
Блішчыць у доўгай барадзе
Зжаўцелы першы ліст.
Калі ж прыстане ідучы, –
Зацемніцца прастор.
Успыхне зырка на плячы
Карзіна вабных зор.
Кіруе светам цішыня
Пад сховаю начы.
І будзе верасень да дня
Дары свае лічыць.
Рукой вятрыстай вытра пот,
Прылёгшы на спачын.
І кіне з вышы ў мох балот
Сузор’і журавін.
Падобныя старонкі
творы/мікола-мятліцкі/мікола-мятліцкі-верасень.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:43 — vedybeadmin