творы:максім-лужанін:максім-лужанін-дарада-сэрцу
Максім Лужанін — Дарада сэрцу
Маркотна мне вясну страчаць у мяккім ложку.
Хваробы – што рабіць! – бяруць сваё
патрошку,
Пільнуюць з-за вугла: не разыходзься дужа,
Пара на тармазы больш націскаць, мой дружа!
Марней, хадзі цішком у медыцынскіх лейцах,
Абы не хваляваць і не натужыць сэрца.
Астудзіш так яго, і ўжо не сэрца будзе,
А торбачка крыві, што ні сабе ні людзям…
Хутчэй устань, ідзі, у твар глядзі пагрозе,
Парвіся, сэрца, лепш ты з песняю ў дарозе.
1971
Крыніца: Лужанін М. Збор твораў. У 4-х т. Т. 3. Падарожныя нізкі; Вершы 1966-1973; Як нараджаўся новы свет; Рэпартаж з рубцом на сэрцы. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1981. – 512 с.
Падобныя старонкі
творы/максім-лужанін/максім-лужанін-дарада-сэрцу.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:43 — vedybeadmin