Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:максім-лужанін:максім-лужанін-беларускаму-народу

Максім Лужанін — Беларускаму народу

Не з імглы курганоў, задрамаўшых над стромай,
Не з паданняў, што вецер стагоддзяў растрос, –
Грозным, свежым і плодным Кастрычніцкім громам
Пачынаецца век наш, гартуецца лёс.

Не раскрой тады свет напалам, навальніца,
Цар бы шлях заступаў, страшыў карамі бог.
У краіне другой я не мог бы радзіцца,
Дацягнуцца да сонца ніколі б не мог.

Дужы молат і серп з нашых рук на штандары
Узышлі назаўжды.

Ім няма перашкод.

Вольна ў свеце жыве, ўсім народам таварыш,
Працавіт і вялік беларускі народ.

Поім газаю трактар уласнай гадоўлі,
Нашы нівы ў красе, нашы нетры ў хадзе.
Мой народ!

Ты гаворыш з палёў і будоўляў,

I вышэйшай трыбуны не знойдзеш нідзе.

Не баяўся вайны, не цураюся працы,
Калі трэба – ускіну на плечы ўдвая,
А ў любві да цябе не магу прысягацца
Па той простай прычыне, што ты – гэта я.

Я – твой ранні гудок, шум дубоў на узлессі,
Твой каваль,

я выкоўваю ў заўтра ключы.

Ты – крыніца мая

і гаючая песня,

Ты мой розум і кроў.

Нельга нас разлучыць!


1959



Крыніца: Лужанін М. Збор твораў. У 4-х т. Т. 2. Паэмы; Вершы 1955-1965; Проза. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1980. – 560 с.

Падобныя старонкі

творы/максім-лужанін/максім-лужанін-беларускаму-народу.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 16:03 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki