Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:ларыса-геніюш:ларыса-геніюш-чысціня

Ларыса Геніюш — Чысціня

Тут белы дзень і белы цвет
палотнаў у каморах.
У белай світцы белы дзед,
а ўнук бялявы поруч.

Бярозаў белым-белы стан,
ля іх красуня ў белі,
звісае белая каса,
як белы лён з кудзелі.

I белы сыр і белы стол
паважныя, аж люба.
Уся сямейка навакол
сядзіць ля белай бульбы.

Над імі маці са збанком
і дочкі, як галубкі.
Струменем белым малако
паволі льецца ў кубкі.

Абраз пад белым ручніком,
бялявыя дзяўчаты
і белы бэз, што пад акном,
як снег, буслы над хатай.

I вішні бела зацвілі,
і з белай грывай коні.
Чарнелі толькі мазалі
рубцамі на далонях.

Падобныя старонкі

творы/ларыса-геніюш/ларыса-геніюш-чысціня.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:43 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki