Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:ларыса-геніюш:ларыса-геніюш-крывёй-напоўніліся-поймы-р

Ларыса Геніюш — Крывёй напоўніліся поймы рэк...

Крывёй напоўніліся поймы рэк,
бурліць адчаем слёз людскіх разводздзе.
Гляджу на свет. Я – лагернік, я – зэк,
засуджаны на мукаў чвэрцьстагодздзя.

Мяне драты, сабакі сцерагуць,
дзікіх надзораў зграя нада мною,
і лоб штодня мой на прыцэл бяруць
навучаныя забіваць канвоі.

Мне ўсё ўзялі, разбурылі сям’ю,
кіркой прабілі лёс мой чалавечы,
ланцуг накінулі на шыю салаўю
і між сабою падзялілі рэчы.

Натоўп дзяўчат, жанчын, яшчэ жывых,
йдзем зледзянелай тундры каляінай,
папраз снягі, мароз сцінае дых,
мароз шукае песні салаўінай.

Канвой яе шукае і надзор,
я йду пургой, завеяная снегам,
гляджу ваўком ўсёй дзікасці ў дакор,
не, маю душу прашманаць ім нельга!

На вуснах песня, мой апошні дых,
цяплом з-пад сэрца словы саграваю,
жывая я яшчэ сярод жывых,
ў душы маёй і Беларусь жывая!

Падобныя старонкі

творы/ларыса-геніюш/ларыса-геніюш-крывёй-напоўніліся-поймы-р.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:43 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki