творы:зоська-верас:зоська-верас-чараўніца
Зоська Верас — Чараўніца
З далёкай Поўначы, з краю вечнага снегу і лёду, парай белых касматых мядзведзяў, спавітая ў белыя пуховыя тканіны, прыехала да нас Чараўніца. Зачаравала воды нашай мілай Зямелькі, і зрабіліся яны камянямі празрыстымі. Зачаравала лясы нашы, і заснулі яны сном глыбокім. Патрэсла шырокімі рукавамі сваёй пуховай вопраткі, і пакрыліся палі нашы снежнай беллю. І лёг наш край пад нагамі Чараўніцы белы… ціхі… задуманы. Рада яна са свае моцы, усміхнулася смехам ясным, хоць халодным, і ад гэтага ўсмеху заіскрылася ўсё кругом цэлым морам брыльянтаў шматкалёрных. І стаіць сярод гэтага мора белі і бляску магутная, грозная, хоць прыгожая, ды бязлітасная. Госця наша штогодняя з далёкай Поўначы – Чараўніца-Зіма.
Падобныя старонкі
творы/зоська-верас/зоська-верас-чараўніца.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 16:03 — vedybeadmin