Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:еўдакія-лось:еўдакія-лось-ні-тумановых-занавесак

Еўдакія Лось — Ні тумановых занавесак...

Ні тумановых занавесак,
ні перашкодных раўчукоў…
Наведаюся да пралесак,
да сонных дзядзечак-смарчкоў!
Да цётак-елак на палянах,
да палахлівенькіх асін,
да ядлаўцоў, ад дыму п'яных,
і стройных мачтавых лясін.
Яны мяне заўжды чакалі
і абдымалі, як сваю.
На што я жалюся, пыталі,
пра што я, слухалі, пяю…
А я не жалюся, сябрына
мая купчастая ў бары!
Імчыць жыцця майго машына,
аж сонца цешыцца ўгары.
Што тая з ветру пацяруха,
што тыя купіны-карчы,
калі супроць іх – сіла духа,
непераможная, лічы!
Пралеска, ты пра гэта знаеш,
і да цябе знарок іду:
ты, кволая, перамагаеш
навалы снегу і ільду.

1972

Падобныя старонкі

творы/еўдакія-лось/еўдакія-лось-ні-тумановых-занавесак.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:42 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki