Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:еўдакія-лось:еўдакія-лось-дзяўчаты-мінулай-вайны

Еўдакія Лось — Дзяўчаты мінулай вайны

Якімі толькі мянушкамі
Не клікалі гэтых салдат
З няпудранымі вяснушкамі,
У шынялях да пят!..
Крочылі полем спаленым,
Шляхамі страшнай вайны,
I плакалі на развалінах,
I мерзлі ў акопах яны…
У лужах сцюдзёных мыліся,
Прычэсваліся пад дажджом,
Па косах сваіх журыліся
Пад гулкі гарматны гром…
Паходамі, зброяй занятыя,
Справай ваеннай пары,
Былі яны проста дзяўчатамі,
Што там ні гавары.
Пужаліся свісту міны,
Чужых незычлівых вачэй,
А гінулі – як мужчыны,
Абняўшы зямлю ямчэй.

1962

Падобныя старонкі

творы/еўдакія-лось/еўдакія-лось-дзяўчаты-мінулай-вайны.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:42 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki