творы:віктар-гардзей:віктар-гардзей-рагаты-грыбнік
Віктар Гардзей — Рагаты грыбнік
Паміж ялін кашлатых,
Па верасе ў расе
Ідзе грыбнік рагаты
I барадой трасе.
Лясныя помніць сцежкі
I ляды, дзе заўжды
Збірае сыраежкі,
Апенькі і грузды.
Гаямі і барамі
Не ходзіць ён з кашом,
Грыбы бярэ губамі
Ці ліжа языком.
Яго між дрэў кашлатых
Вітае пушча ўся.
У грыбніку рагатым
Як не пазнаць лася!
У шапачцы прывабнай
Мільгнецца баравік,
Дык перад ім нязграбна
Аж кленчыць той грыбнік.
Падобныя старонкі
творы/віктар-гардзей/віктар-гардзей-рагаты-грыбнік.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:42 — vedybeadmin