Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:васіль-зуёнак:васіль-зуёнак-коні-і-поні

Гэта старая версія дакумента!


Васіль Зуёнак — Коні і поні

Ад натугі
І ад конскае тугі
Гнуцца дугі
І ў вачах ідуць кругі.
Напінаецца, сапе
Цяжаравоз,
Бо ідзе не так сабе,
А цягне воз.

А стаеннікі –
Браценікі
Яго –
Пасміхаюцца:
– Га-га! Ды і-го-го! –
І паказваюць на поні:
– Ці вы коні,
Ці не коні?
Га-

га-

га:

Цацачны хамуцік
І дуга, –
Важняцца
І дражняцца
З кож-

на-

га:

– Поні, поні, пончыкі,
Піражкі –
Не павезці вам ніколі
Воз цяжкі.
Поні, поні –
Засмуціліся зусім:
–- Што мы коні –
Быццам ясна,
Ды не ўсім…
Хоць малыя мы,
Ды вам – браты,
І зусім невыпадкова
Грывы ёсць у нас,
І ёсць
Хвасты,
І чатыры –
На падковах –
Капыты!

– Кіньце плакаць! –
Гром паважна абвясціў. –
Дождж закапаў –
Ёсць надзея падрасці.

Задаволена
Яшчэ раз грымнуў гром.
Мокнуць поні –
Мікра-коні –
Пад дажджом:
– Не ўхмыляйцеся,
Не кпіце –
Зараз мы
Падрасцём
Хоць на капыцік
Да зімы!

Падобныя старонкі

творы/васіль-зуёнак/васіль-зуёнак-коні-і-поні.1755963703.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/23 15:41 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki