творы:анатоль-вярцінскі:анатоль-вярцінскі-хлопчык-глядзіць
Анатоль Вярцінскі — Хлопчык глядзіць...
Унуку Янку
Хлопчык глядзіць…
Вачам сваім веру – не веру.
Адкуль ты прыйшоў
у дом гэты, гэту кватэру?
Хлопчык глядзіць…
О божа! О маці часная!
Нічога не знае ён.
Мяне ж ён, здаецца, знае?
Хлопчык глядзіць…
Глядзіць проста ў вочы.
Хлопчык глядзіць…
Як быццам спытаць нешта хоча.
Я ведаю – што.
Няма ў мяне толькі адказу.
Калі ж ён і ёсць –
не вымавіш так вось адразу.
Хлопчык глядзіць…
Позіркам, поўным наіву.
Поўніцца сэрца маё
трывогай шчымлівай, шчаслівай.
Хлопчык глядзіць…
Я ў позірку тым дзіцячым
бачу пачатак сябе,
сваё прадаўжэнне бачу…
1989
Падобныя старонкі
творы/анатоль-вярцінскі/анатоль-вярцінскі-хлопчык-глядзіць.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:41 — vedybeadmin