Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:анатоль-вярцінскі:анатоль-вярцінскі-аналіз-творчасці

Анатоль Вярцінскі — Аналіз творчасці

Паэт Анатоль Вярцінскі з тых, хто трывала ўвайшоў у літаратуру досыць позна. Увайшоў, добра павастрыўшы пяро па старонках раённых газет допісамі пра сяўбу, пра касавіцу, пра хлебанарыхтоўкі, пра ўсё, што было і будзе клопатам раённых будняў. І, мабыць, нездарма першая яго кніга называлася «Песня пра хлеб», а ва ўсіх астатніх — ад «Трох цішынь» да «Ветрана» — адчуваецца гранічная публіцыстычная завостранасць, імкненне падумаць над фактам, адгукнуцца на падзею дня. Баявая, штодзённая журналісцкая загартоўка шмат у чым абумовіла актыўнасць творчага і грамадзянскага тэмпераменту паэта. Але, мабыць, у нечым і адтэрмінавала знаёмства шырокага чытача з паэтам Анатолем Вярцінскім.
Затое, калі такі момант наспеў, мы пазналі паэта цікавага, яркага, актыўнага, мэтанакіраванага ў выяўленні сваіх мастакоўскіх прынцыпаў. Вярцінскі ўпарта выяўляў сваё творчае «я». Таму не выпадковы, мусіць, той юнацкі максімалізм, якога прытрымліваецца дагэтуль паэт. I не выпадковае гэтае, як дэвіз: «Жыць — значыць дзярзаць!» Анатоль Вярцінскі адваяваў у жыцця права быць паэтам.
І не выпадкова ён дзеліць людзей на герояў і не герояў, на праметэяў і непраметэяў. Дзярзаць! Хіба можна сябе прыкаваць «да скалы ўласнага страху»? Сярэдзіны не бывае, кампрамісы і так званая жыцейская мудрасць: «Хочаш жыць у святле і цяпле — сам здабывай агонь для сябе» — вядуць да змізарнення, знішчэння чалавечай асобы.
«Жыць — значыць дзярзаць!» Не выпадкова гэтыя словы-праграма з'явіліся менавіта ў вершы, прысвечаным Міхасю Лынькову. Яны гучаць абяцаннем, клятвай. І гэты свой галоўны прынцып жыцця і творчасці Вярцінскі сцвярджае настойліва, з кнігі ў кнігу, даводзячы ўсім і самому сабе, што жыццё як інертнае існаванне — не жыццё, толькі прывід яго.
Бескампраміснае асуджэнне маральнай уступчывасці, трошкі нават дэкларацыйная грамадзянская актыўнасць, падкрэсленая дыскусійнасць, але разам з тым імкненне ўвесці ў зваротак абагульненыя катэгорыі, якія не так часта «эксплуатуюць» у сваёй творчасці беларускія паэты, напружаная эмацыянальнасць— усё гэта садзейнічала поспеху Анатоля Вярцінскага. Ён востра адчуў рытм часу, змог быць асабліва паслядоўным у яраснай адкрытасці, разлічанай на імгненнае ўспрыняцце — і неяк адразу; пасля зацягнутага старту, з сярэдзіны 60-х гадоў стаў адным з вядомых паэтаў Беларусі.
Імкнучыся да высокага ідэала, паэт заўсёды адчувае адказнасць за свае ўчынкі, за ўчынкі іншых, за ўсё, што адбываецца ў свеце. А сапраўднасць ідэалаў, сцвярджае ў адным са сваіх вершаў паэт, вывяраецца часам:

… тут — толькі попел,
там — алмаз,
тут — зерне,
там — палова,
тут — пустазвонства гучных фраз,
там — ісціннае слова.
(«Навагодні тост»)

Паэт спрабуе галоўныя прынцыпы свайго паэтычнага вопыту — «жыць — значыць дзярзаць» — праецыраваць на агульначалавечы вопыт. Імкнецца пабачыць — як гэтыя прынцыпы выглядаюць у дастасаванні да гістарычнага і літаратурна-міфалагічнага вопыту. Да сусвету і вечнасці. Зыходзячы з таго самага прынцыпу падзялення людзей на герояў і негерояў, на праметэяў і непраметэяў. Ён бярэ непасрэдна сам неўміручы міф аб Праметэі і робіць героя міфа сваім канкрэтным персанажам. I, ствараючы яго, ператварае прагу дзеяння ўвогуле, дзярзання ўвогуле ў канкрэтныя ўчынкі героя ("Варыяцыі на тэму "Гефест — друг Праметэя"). Паэт імкнецца дайсці да перадгісторыі міфа, да той прычыны, што зрабіла Праметэя такім, якім яго ведае чалавецтва: «І ў тым сакрэт маёй метамарфозы, што з нейкае пары я стаў любіць».
Любоў — як сіла дзейсная і ўсемагутная, усеперамагаючая — зрабіла Праметэя такім. Гэта вельмі важна для Вярцінскага. Тут ён бачыць першавысновы жыцця. Любоў — аснова ўсяго сутнага, усяго існуючага на зямлі. Усвядомленае пачуццё любві для паэта — мера чалавечнасці: «Што значыць сапраўдным другам быць? Любіць», («Што значыць сапраўдным другам быць?»)
Любоў паэт разумее як аснову грамадзянскай цэласнасці, як неабходную аснову справядлівасці. Любоў для Анатоля Вярцінскага — неад'емная катэгорыя чалавечага існавання: «Што значыць зямное шчасце здабыць? Любіць».
І як чалавек, грамадзянін, гуманіст ён катэгарычна не ўспрымае ўсё, што супярэчыць гэтым высновам, нармальнай чалавечай існасці. Зразумела, прымаючы пад увагу пэўныя сацыяльныя абставіны, канкрэтную і класавую пазіцыю.
Вярцінскі ўмее адчуць тую своеасаблівасць, што дае вершу вобразную актыўнасць, замацоўвае эмацыянальнае ўздзеянне. Ёсць такая жудасная статыстычная даведка — у вайну загінуў кожны чацвёрты беларус. І ёсць жартаўлівыя радкі ў народнай песні — «Ой, хацела мяне маці за чацвёртага аддаці». Дык няма гэтага самага чацвёртага, не было за святочным сталом кожнага чацвёртага, адышоў у немату небыцця кожны чацвёрты, не пабачыў неспазнанага блакіту неба — кожны чацвёрты. А жыццё ідзе — і няма ў ім кожнага чацвёртага. Нечага сына, брата, мужа.
А тое сярэднестатыстычнае "кожны чацвёрты" абарочвалася і страшнай прыватнасцю — у сям'і загінулі ўсе. Засталася адна — маці, жонка. Загінулі ўсе, дзеля каго яна жыла. І вось гэтая жанчына, якая, можа, ніколі не задумвалася над тым, што такое гуманізм, ведае яго сэрцам, душою («Дынамік»). І ўмее ў болі сваёй вялікай страты жыць для жывых, радавацца іх радасцям. Як і тая цётка з другога. верша Анатоля Вярцінскага, што
…свету ўсяму спагадала, яго раны лячыла аддана.

Які б вылечыў іх урач,
Каб не цётчын спагадлівы плач?
("Цётка плакала па ўсім свеце...")

Драма адзіноты… Яна страшная ў безвыходнасці сваёй як жудасны вынік вайны. Але яна цяжкая несправядлівасць і калі гэта проста раз'яднанасць чалавечых душ, адчужанасць людская. «Падае за бар'ерам бар'ер — гукавы, светлавы, зямных гравітацый…» Калі ж «дойдзе чарга да бар'ера глухой адчужанасці людской, неразумення і недаверу?» — задае пытанне Вярцінскі ("Бар'еры"), Ён прагне разбурэння гэтых бар'ераў — «вышэйшую гармонію» сучасных чалавечых адносін бачыць у святле самых новых пашыраных уяўленняў. Калі існуе ісціна Лабачэўскага — «сустрэліся… дзве паралельныя прамыя», дык і новую форму чалавечых адносін павінен прапанаваць наш час, і лёсы людскія павінны перасякацца, як тыя паралельныя прамыя ("Дзве паралельныя прамыя"). Павінны запаўняцца прастора адчужанасці і няведання цеплынёй чалавечых адносін, узаемаразуменнем. Раскаванасць чалавечай душы, шчырасць чалавека вітае паэт. Паміж людзьмі кожная сустрэча не можа не быць «узаемапамнажэннем нашых дум і душ».
Так, узаемасутыкальнасць, любоў для паэта — аснова быцця, неадымная катэгорыя чалавечага існавання, і адно з праяўленняў яе — каханне да жанчыны. Гэтае вечнае жыццёвае ўзаемадачыненне — мужчына — жанчына — успрымаецца паэтам як частка жыццёвага круга:

І я, як звяно, уключаўся ў ланцуг
любові, яе ўсепланетнай сістэмы…
("Гудзела, гуло ў маіх вушах...")

Каханне, па Вярцінскаму, вечнае і абавязковае звяно ў неперарыўнай сувязі часоў і з'яў. Каханне — святочнае светаўспрыманне, калі звініць шчасцем паветра, калі свет добры і шчыры. Каханне — карагод радасці, у якім кружыцца ўсё, што навокал,— дрэвы, неба, сонца, вясельны тлум прыроды («Той год незвычайны»), калі «прагнуць душы святла спатканняў і баяцца імглы адзінот…» («Што казалася, што адбывалася…»).
Жанчына для лірычнага героя паэта — стыхія. Багіня. Як дуд, у адчужэнні ад нудотнай мітусні, прыходзіць да героя адкрыццё: жанчына, якая побач з ім, увасабляе гармонію сонца і мора, вялікае хараство зямнога быцця: «Жанчына і мора? Дзве вольных стыхіі», «Жанчына і сонца! Хіба вас падзеліш?» Па-рыцарску малітоўнае пакланенне чуецца ў словах паэта: «Жанчына і сонца!.. Хай свеціцца дзень ваш!»
Лірычнага героя «Паэмы мора» вечная стыхія прымушае выявіць для сябе многія ісціны. I убачыць як упершыню прыгажосць жанчыны, 1 адчуць сваю супрыналежнасць да стыхіі мора, да яго вечнай мудрасці. I паспрабаваць спасцігнуць самога Сябе, Жыццё, Час, вечныя і вялікія катэгорыі маралі і чалавечага хараства.
Хаця настроі гэтыя ў паэме прыходзяць не знянацку. Гэта, мне здаецца, сталая настроенасць Вярцінскага — прыслухацца да высокай цішыні вечнасці, адчуць існаванне часу ў прасторы чалавечых страсцей і думак, спасцігнуць сэнс сапраўднага, аслабаніць сябе ад марнай мітусні, каб

Застацца з той цішынёю,
з ёю, сівою савой,—
стаць сутнасцю сваёю,
стаць самім сабой.
Застацца з ёю — гэта
у той увайсці сезам,
дзе сам-насам з сусветам,
з вечнасцю сам-насам.
("Тры цішыні")

Але, як ужо згадвалася, Вярцінскі не з тых паэтаў, што лунаюць толькі ў стратасферы духу і думкі. Ён ставіцца з увагай да канкрэтнага дзеяння, учынку, факта. Умее часам за прыватным фактам вылучыць вялікі мастацкі сэнс, за звычайнай падзеяй пабачыць важнасць з'явы. Есць у яго, скажам, «Балада пра спаленую вёску і жывога пеўня». Канкрэтная відавочнасць факта, парадаксальная супярэчлівасць падзей насычаюць выбуховай экспрэсіяй «Баладу…» Такі неадменны атрыбут вясковага рання — певень, жывы сігнал дня: трэба даіць кароў, паліць печы, ісці ў поле. Адзін певень азавецца, другі, трэці — і пайшоў рабочы перазоў на вёсцы. А тут галосіць певень, а ніхто з ім не перагукваецца, ніхто не ўстае на золку. Спаленая, мёртвая вёска — і жывы певень. Несуадноснасць, несувымернасць.
Або — ёсць у Анатоля Вярцінскага верш «Статак вяртаецца з поля». Пра звычайную падзею, што кожны дзень улетку адбываецца ў вёсцы. Але так гэта рэчыўна, зрокава адчувальна пададзена, так усім ладам верша сцвярджаецца будзённая важнасць, непарушная трываласць падзеі, што мы адчуваем у будзённым факце з'яву — урачыстую, як меса працы, і простую, як луста хлеба.
Ён актыўны ў пошуках жанраў. У яго з'явіліся і казкіп'есы. Ён актыўны як крытык — артыкулы, эсэ, дыялогі, інтэрв'ю. Асэнсаваць уласную творчасць і творчасць іншых — бясспрэчнае правіла для Вярцінскага.
Так і апошняя па часе напісання «Паэма надвор'я» — у фарватэры пастаянных пошукаў паэта. Пра клімат быцця, надвор'е душы, пра надвор'е маральнае — на планеце, у гісторыі, у нейкіх. фрагментах жыцця грамадскага і асабістага. Пра тую запаветную струну ў душы і жыцці кожнага, якая не дае паддацца маральнай спячцы. Паэт, нагадваючы нам пра вернасць сваім ідэалам, як і у «Паэме мора», даслоўна паўтарае:

Яшчэ што ад нас залежыць,
дык гэта — быць сабой,
дык гэта — захоўваць свежасць
надзеі сваёй людской.

Свежыя ветры эпохі — сёння і тры чвэрці стагоддзя назад — і пра гэта паэма Анатоля Вярцінскага. Прычым асаблівай выразнасці ў гэтай паэме, як і у папярэдніх сваіх творах, Вярцінскі дасягае, калі не баіцца што-небудзь прамінуць у фактах, калі ён адступаецца ў нечым ад сваёй дасведчанасці і дае магчымасць думцы і эмоцыі сплавіцца і выслабаніцца ад путаў шматлікіх дэталей, становіцца раскаваным, смелым, лёгкім. Скажам, у «Эцюдзе сёмым. Тры дні збіраўся дождж…» як быццам і цяжка вызначыць, у чым тут сакрэт, але вызваленая думка, вызваленая рытміка верша перадаюць і вызваленне прыроды, і вызваленасць чалавечага духу, азаніраваны клімат душы. Радок вядзе за сабой, прымушае ўжыцца ў гэтым клімаце — ці хочаш ты акліматызавацца ў ім ці не.
І ва ўсім — тая ж адкрытая эмацыянальнасць, нават падкрэсленая адкрытасць эмоцый, што і у ранейшага Вярцінскага. Дарэчы, чамусьці існуе даволі ўстойлівае меркаванне, што Вярцінскі — паэт рацыяналістычны.
Але, мне здаецца, эмоцыя і думка ў яго выступаюць у спалучэнні. У тым і сіла паэта.
Ён не схільны да пункцірнасці вобраза, аддае перавагу размашыстасці чоткай лініі, шырыні мазка, не вельмі спакушаецца паўтонамі. У сваёй спіралі пошуку ён даражыць рухам верша, каб «тэмпература» яго твораў была адэкватная тэмпературы быцця, тэмпературы актыўнага, дзейснага светаўспрымання.

Падобныя старонкі

творы/анатоль-вярцінскі/анатоль-вярцінскі-аналіз-творчасці.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:55 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki