Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:аляксей-пысін:аляксей-пысін-іван-чай

Аляксей Пысін — Іван-чай

Вабіць незнаёмая дарога,
І сабе ты скажаш: прыкмячай.
А калі дарог на свеце многа,
Друг мой, Іван-чай?

Ды тваіх, смаленскіх, не забуду
У снягах, дажджах і сіняве.
Тройчы адбівалі вёску Буду,
Тройчы паміралі за яе.

А пад Будай – хлопцы пахаваны,
А пад Будай – многія сябры.
Аляксеі, Віктары, Іваны…
Гліна коўзкая. Падзол сыры.

Узышлі травой і гарыцветам,
Узышлі на радасць ці жальбу?
Вунь Іван стаіць па-над кюветам,
Галавой ківае: «Вось жыву.

Не здзіўляйцеся, што ўвесь чырвоны;
Восем куль было – крывёю сцёк.
Скора восень. Каркаюць вароны.
Жоўты каля ног маіх лісток.

Хочаш – пачастую нашым чаем,
Я ж цяпер навекі вадахлёб».
Не, Іване, з чаем – пачакаем,
Закурыць не лішне нам было б.

Мы цыгарку скруцім па-былому,
Пусцім шызы дым на правады.
Першая зацяжка – мне, жывому,
Бо занадта ў сэрцы гаркаты.

Чырвань, чырвань, колер праваты…

1964

Падобныя старонкі

творы/аляксей-пысін/аляксей-пысін-іван-чай.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:41 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki