Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:аляксей-пысін:аляксей-пысін-мой-зялёны-горад

Аляксей Пысін — Мой зялёны горад

На кварталы роўныя разбіты,
Просекі, як вуліцы, ляглі.
Ліўнямі і росамі абмыты
Мой зялёны горад на зямлі.

Сто паверхаў тут займаюць птахі,
Кожны сук тут песняю звініць.
Дуб і сосны – векавыя гмахі,
Не баяцца бур і навальніц.

Навальніц і бур… У час той грозны,
Калі вораг напіраў сцяной,
Баранілі нас дубы і сосны
I прымалі разам з намі бой.

На дамы, на новыя цымбалы
Звонкіх дрэў нямала мы ўзялі.
Высцілаюць баравыя шпалы
Не адну дарогу на зямлі.

Мне ж мілей за ўсё дарога тая,
Што вядзе ў зялёны горад мой,
Дзе сяброўства з кожным дубам маю
I знаёмы з кожнаю сасной;

Дзе з крыніцы б’е настой зуброўкі,
Дзе чарніцы, быццам вінаград.
Без пуцёўкі, без камандзіроўкі
Прыязджай сюды – і будзеш рад.

Толькі не! Не дачнікам сюды я
У экспрэсе мчуся праз налі,
А наведаць дрэўцы маладыя,
Пажадаць, каб дужымі былі.

…На кварталы роўныя разбіты,
Просекі, як вуліцы, ляглі…
Углядаецца ў прастор блакітны
Мой зялёны горад на зямлі.

1957 г.


Крыніца: Пысін А. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. І. Вершы / [Прадм. Р. Бярозкіна]. – Мн.: Маст. літ., 1980. – 304 с.

Падобныя старонкі

творы/аляксей-пысін/аляксей-пысін-мой-зялёны-горад.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:41 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki