творы:алесь-пісьмянкоў:алесь-пісьмянкоў-о-як-мне-доўга-трэба-жы
Алесь Пісьмянкоў — О, як мне доўга трэба жыць...
О, як мне доўга трэба жыць,
Каб аддаць табе адплату
За ўсе густыя снегапады,
За ўсе духмяныя дажджы.
За рэчак быстрых сіняву
І за дубоў зялёных веча.
За кожны дзень, за кожны вечар,
За тое шчасце, што жыву.
Мая маленькая зямля –
Ўся ў палыне і медуніцы.
З тваіх крыніц мне не напіцца,
Хоць буду піць і спакваля.
Жыві ж, жыві! Плыві між зор!
І чуюць хай на ўсіх планетах,
Як пахнуць кветкі і ранеты
У нашых вёсках ля азёр.
Падобныя старонкі
творы/алесь-пісьмянкоў/алесь-пісьмянкоў-о-як-мне-доўга-трэба-жы.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:41 — vedybeadmin