Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:адам-гурыновіч:адам-гурыновіч-бор

Адам Гурыновіч — Бор

Ох ты, бор, мой бор,
Бор сасновенькі!
Ты з каторых пор
Шуміш, родненькі?
Мы з табой раслі,
Уздымаліся,
На адной зямлі
Гадаваліся.

Мы зжылісь з табой,
Бор наш родненькі,
Як з сваёй сумой
Жабрак голенькі.
А з табой у нас
Долі роўныя,
Мы з табой якраз
Браты родныя.
Ні ў нас долі нет,
Ні ў нас шчасценька,
Апастыў нам свет,
Зямля-матанька.
У другіх людзей
Зямля лепшая,
Там і жыць лягчэй,
Праца меншая.
У пяску сваім
Мы купаемся,
Не ў прымер другім
Прабіваемся.

Па лясах другіх
Усё лепшае,
I ліства на іх
Усё страйнейшая.
У бары ж шумяць
Сосны-ёлачкі,
На сучках тырчаць
Усё іголачкі.
А на нашых людзях —
Усё сярмяжачкі,
А у іх кішанях —
Ні бумажачкі.
А і будзем ждаць
Часу добрага,
Ды ну ж выглядаць,
Што ёсць новага.
Ды не будзе ж так
Векі вечныя,
А прыдуць неяк
Часы лепшыя!

Падобныя старонкі

творы/адам-гурыновіч/адам-гурыновіч-бор.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:55 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki