Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:адам-гурыновіч:адам-гурыновіч-што-ты-спіш-мужычок

Адам Гурыновіч — Што ты спіш, мужычок...

Што ты спіш, мужычок,
Заплюшчыўшы вочы?
Забаліць табе бок
Спаць ад ночы к ночы!

Агляніся на свет,
Падымі галоўку,
Ды што ёсць, чаго нет
Паслухай жа моўку:

Глянь! іны мужыкі
Уставаць пачалі.
Што я? хто за такі? −
Раздумываць сталі:

Ці я звер? ці я птах?..
Ці яка скаціна?
Ці здаецца ж мне так,
Што людска дзяціна?

Я не пан!., мусіць, хам!..
А звалі − псяюхай;
Ды казалі: Бог сам
Казаў: «Пана слухай».

Мужык слухаў яго
Ад веку да веку,
I дажыўся таго,
Што папаў ў апеку.

А цар……………
Сказаў так са злосці:
«Што даць маюць ўрагі,
Я дам − як з мілосці».

Запяяў наш мужык
Песеньку вясёлу:
«Цяпер сяду, як бык,
З панамі да столу».

A i кожан быў рад,
Даждаўшыся волі:
«Як зрабіў такі лад,
Зробіць ён і болей».

A i ждуць − не даждуць
Ад цара нічога,
Ці не здумаў надуць
Мужыка дурнога?

…Бо хоць волю нам даў −
Розуму ні крошкі;
Ісці жыць прыказаў,
Не відзя дарожкі.

Хаця скрозь настаўляў
Вучылішч, дзе вёска,
«Букі-аз» − наказаў
Навучаць бярозкай.

А раднога слаўца
Ніхто і не чуе,
Толькі так малайца
Саўсім ён сапсуе,

Ды навучыць рабят
Лаяцца па-руску:
«Сукин сын, я тебя
Засажу в кутузку!»

«Сукин сын» ці «psia mać»
Абое рабое,
Ці ж не маюць нам даць
Што-кольвек другое?

Падобныя старонкі

творы/адам-гурыновіч/адам-гурыновіч-што-ты-спіш-мужычок.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:55 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki