Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


слоўнік:тэрмін-літаратуразнаўчы

Тэрмін літаратуразнаўчы

Тэрмін літаратуразнаўчы (лац. terminus - мяжа, граніца, пагранічны знак) — асобнае слова ці словазлучэнне, якое выяўляе пэўнае, дакладна акрэсленае паняцце з галіны літаратуразнаўства.
Да літаратуразнаўчых тэрмінаў адносяцца словы-паняцці, што абазначаюць літаратурныя роды (эпас, лірыка, драма), віды (раман, аповесць, апавяданне, навела; верш, паэма; камедыя, трагедыя, драма), жанры (гістарычны раман, гумарэска, фельетон, ода, балада, элегія), кампаненты паэтыкі (кампазіцыя, сюжэт, метафара, параўнанне, страфа, алітэрацыя), з'явы вершазнаўства (сілабічнае вершаскладанне, дактыль, харэй, стапа) і іншыя.
Сукупнасць літаратуразнаўчых тэрмінаў называецца літаратуразнаўчай тэрміналогіяй. Выдаюцца спецыяльныя літаратуразнаўчныя слоўнікі, у якіх растлумачваецца сутнасць асобных літаратуразнаўчых тэрмінаў.
Упершыню ня Беларусі асобныя літаратуразнаўчыя тэрміны былі зафіксаваны ў выданнях Францыска Скарыны (1517 — 1519). Важнейшыя вершазнаўчыя паняцці (метр, стапа, памер, рыфма і гэтак далей) вытлумачвалі яшчэ Л. Зізаній у «Граматыцы славянскай» (Вільня, 1596) і Мялецій Сматрыцкі ў кнізе «Граматыкі славянскай правільная сінтагма» (Еўе, 1618). Многія тэрміны растлумачваліся ў працах (на лацінскай мове) М. К. Сарбаеўскага «Пра дасканалую паэзію, або Вергілій і Гамер» і «Курс паэтыкі», у аснову якіх ляглі лекцыі, прачытаныя аўтарам у Полацкай езуіцкай калегіі ў 1617 -1627 г. г. Аднак асобныя беларускія слоўнікі літаратуразнаўчых тэрмінаў з'явіліся толькі ў XX ст. Іх стварэнне пачалося з распрацоўкі самой літаратуразнаўчай тэрміналогіі (назваслоўя), у што значны ўклад унёс Янка Купала. Працуючы на пачатку 20-х гг. у Тэрміналагічнай камісіі Інстытута Беларускай Культуры на пасадзе сакратара Гуманітарнай секцыі, паэт склаў і выдаў у 1923 г. тэрміналагічны слоўнік «Практыка і тэорыя літаратурнага мастацтва». У слоўніку да сотняў рускіх літаратуразнаўчых тэрмінаў дадзены беларускія адпаведнікі, многія з якіх упершыню прапанаваны Янкам Купалам (абагульненне, адухаўленне, вершаванне, выклад, іншасказ, назваслоўе, недасказ, паміждзея, прыпавесць, увасабленне, уласнапіс, усцэнізаванне і іншыя).
Максім Гарэцкі ўпершыню літаратуразнаўчае «Назваслоўе» (з растлумачэннем літаратуразнаўчых тэрмінаў) ўключыў у сваю «Гісторыю беларускае літаратуры» (1924). Некаторыя літаратуразнаўчыя тэрміны растлумачыў у «Паэтыцы літаратурных жанраў» Я. Барычэўскі (1927). У пасляваенны час выйшлі «Кароткі літаратуразнаўчы слоўнік» А. Макарэвіча (2-е выд., 1969), «Слоўнік літаратуразнаўчых тэрмінаў' М. Лазарука і А. Ленсу (2-е выд., 1996), «Паэтычны слоўнік» (3-е выд., 2004), «Тэорыя літаратуры ў тэрмінах» (2001) В. Рагойшы. Многія літаратуразнаўчыя тэрміны вытлумачаны ў 5-томнай «Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі» (1984 - 1987).

Падобныя старонкі

слоўнік/тэрмін-літаратуразнаўчы.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:55 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki