Медытацыя
Медытацыя (ад лац. meditatio - развага, роздум) - жанр медытатыўнай лірыкі, у якім перадаецца глыбокі роздум паэта над некаторымі праблемамі жыцця (жыццё і смерць, дружба і каханне, чалавек і прырода і гэтак далей). Асаблівае пашырэнне набыла ў паэзіі сентыменталістаў і рамантыкаў.
Медытацыі пісалі Я. Баратынскі, А. Пушкін, М. Лермантаў, Ф. Цютчаў, у ХХ ст. - А. Блок, М. Забалоцкі, М. Рыльскі, А. Малышка, Л. Мартынаў, Д. Кугульцінаў, Э. Межалайціс і інш.
У беларускай паэзіі медытацыя заняла значнае месца ў творчасці Максіма Багдановіча. Аўтар «Вянка» разважаў над сутнасцю жыцця і смерці, сацыяльнага падзелу ў грамадстве, узаемаадносінамі паміж людзьмі («…Шмат у нашым жыцці ёсць дарог», «Мяжы», "...Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы").
Медытацыі сустракаюцца ў Янкі Купалы («…Пакіньма напуста на лёс свой наракаць», "Мая навука"), Аркадзя Куляшова (вершаваны цыкл «Маналог»), Максіма Танка («Мне здаецца», «…Божа паэзіі»), С. Дзяргая («Сапраўднае», «Мысль і слова»), Анатоля Вярцінскага («Дзівак чалавек», «…Абратаем») і інш.