Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:анатоль-вярцінскі:анатоль-вярцінскі-дзівак-чалавек

Анатоль Вярцінскі — Дзівак чалавек

Дзівак чалавек…
Глядзіць на расінку макавую,
а цэлае сонца
бачыць перад сабой.
Дзівак чалавек…
Бярэ звычайную ракавіну
і чуе ў ёй акіянскі прыбой.
Дзівак чалавек…
Бачыць сцяжынку гладкую,
а марыць аб трудных,
цярністых шляхах
з іх круцізною,
з іх небяспечнай загадкаю,
і будзе ісці,
пакуль мае сілу ў нагах.
Дзівак чалавек…
Са стратаю непапраўнаю
не мірыцца ён ні за што ў душы.
З няпраўдай не мірыцца,
і з крыўднаю праўдаю
не хоча мірыцца –
хоць кол ты на ім чашы.
Дзівак чалавек…
Яму шмат чаго адмовілі.
А ён не здаецца,
а ён не спіць па начах.
Ён верыць усё
ў свой перпетуум-мобіле,
у панацэю,
у цудадзейны рычаг.
Дзівак чалавек…
Яму – Хірасіму, Асвенцім,
яму, замест імя, –
асвенцімскае таўро.
А ён паўтарае,
што ёсць дабро на свеце,
што будзе дабро
і што пераможа дабро.
Дзівак чалавек…
Не можа не спадзявацца,
не можа не верыць,
не можа ніяк!
Дзівак чалавек…
I гэта яго дзівацтва –
ратунак яго,
яго чалавечы знак.

Падобныя старонкі

творы/анатоль-вярцінскі/анатоль-вярцінскі-дзівак-чалавек.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 16:03 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki