Камедыя (гр. komodia, ад komos - вясёлы натоўп і ode - песня) - адзін з відаў драматычнага роду літаратуры, гумарыстычна-сатырычная п'еса, у якой паказваюцца камічныя падзеі і з'явы, высмейваецца негатыўнае ў жыцці.
Узнікла камедыя ў Старажытнай Грэцыі (Арыстафан, канец V - пач. ІV ст. да нашай эры), заняла віднае месца сярод усіх відаў і жанраў еўрапейскіх літаратур (Мальер, Шэкспір, Лопе дэ Вега, Шоў і інш.), шырокае развіццё атрымала ў рускай і ўкраінскай літаратурах (М. Гогаль, А. Астроўскі, У. Маякоўскі, Я. Шварц, Р. Квітка-Аснаўяненка, М. Крапіўніцкі, А. Карнайчук і інш.).
Станаўленне беларускай камедыі адбылося ў другой палове XVІІІ ст. («Камедыя» Каятана Марашэўскага, «Доктар па прымусу» М. Цяцерскага). Уласна, з камедыі пачалася беларуская драматургія. Вялікі ўклад у яе развіццё ўнёс Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч ("Пінская шляхта", "Ідылія", «Залёты»). Аднак найбольшага поспеху камедыя дасягнула ў ХХ стагоддзі. У гэты час з'явілася цэлая кагорта выдатных камедыёграфаў - Янка Купала, Францішак Аляхновіч, Уладзіслаў Галубок, Кандрат Крапіва, Андрэй Макаёнак і інш.
Сярод жанраў беларускай камедыі асаблівае пашырэнне набыла сатырычная камедыя ("Тутэйшыя" Янкі Купалы, «Пан міністар» Францішка Аляхновіча, "Хто смяецца апошнім" і «Мілы чалавек» Кандрата Крапівы, "Лявоніха на арбіце" Андрэя Макаёнка, "Мудрамер" Міколы Матукоўскага, «Укралі кодэкс» Алеся Петрашкевіча і інш.). Побач з ёй існуюць вадэвілі (невялікія, аднаактавыя камедыйныя творы з займальнай інтрыгай, анекдатычным парадаксальным сюжэтам, песнямі-куплетамі, часам танцамі: «Прымакі» Янкі Купалы, "Пісаравы імяніны" Уладзіслава Галубка, «Збянтэжаны Саўка» Леапольда Родзевіча), камедыі лірычныя («Шчаслівы муж» Францішка Аляхновіча, «Пяюць жаваранкі» Кандрата Крапівы), сацыяльна-бытавыя («Паўлінка» Янкі Купалы, «Аперацыя «Мнагажэнец» А. Дзялендзіка), фантастычныя (»Брама неўміручасці« Кандрата Крапівы), камедыі-памфлеты ("Зацюканы апостал" Андрэя Макаёнка) і інш. Невялікія камедыі ці вадэвілі з элементамі грубаватых жартаў, надмернымі знешнімі камічнымі эфектамі атрымалі назву фарса (франц. farse, ад лац. farsio -начыняю, напаўняю). У жанры фарса-вадэвіля напісана «Пінская шляхта» Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.