Кандрат Крапіва. Хто смяецца апошнім. Аналіз твора
Народны гумар, іронія, самаіронія, добразычлівае пакепліванне, уедлівы сарказм - гэтыя формы мастацкага смеху складаюць нацыянальную адметнасць беларускай літаратуры, падмурак традыцыі, якой жывіцца сучасная камедыяграфія. Яны тлумачаць сакрэт жывучасці, працяглай актуальнасці камедыйных твораў, нібыта ўшчыльную прывязаных да свайго часу. У першую чаргу гэта датычыцца Кандрата Крапівы, байкапісца і камедыёграфа, чые творы, напісаныя ў 1920 - 1930 гады, не губляюць сваёй актуальнасці і сёння. Яго байкі «Мандат», «Дэкрэт», "Махальнік Іваноў", «Саромлівы», «Ганарысты парсюк», «Казёл», «Язычок» захавалі вастрыню, бляск, іскрамётны гумар.
Гэтыя рысы уласцівая і лепшым сатырычным камедыям Кандрата Крапівы. Крытыкі вызначаюць гэтую якасць як дальнабойнасць сатыры. Ёю ў значнай ступені надзелена самая слынная п'еса Кандрата Крапівы «Хто смяецца апошнім».
Лёс гэтага твора незвычайны. П'еса напісана ў самыя змрочныя ў гісторыі Савецкай Беларусі часы - разгул сталінскіх рэпрэсій, пошук «ворагаў народа» і расправа з імі. «Ворагі» знаходзіліся ўсюды, у тым ліку і ў асяроддзі пісьменнікаў, навукоўцаў. Не выпадкова ў 1930 гады была практычна вынішчана не толькі творчая, гуманітарная, але і тэхнічная інтэлігенцыя Беларусі, прычым асабліва пацярпелі навуковыя галіны: генетыка і геалогія.
Усюды «ворагі»… Вораг Гарлахвацкі, чалавек з цьмяным мінулым, невук і шарлатан, атабарыўся ў інстытуце геалогіі і спакваля распачаў там падрыўную дзейнасць. У выніку абшальмаваны сумленны Чарнавус, смяротна запалоханы Туляга. Але махляр выкрыты, і апошнімі смяюцца яго ахвяры.
Час зняў з гэтага твора налёт палітычнай кан'юнктуры. Глядач з задавальненнем назірае крах «свінтуса грандыёзуса», са смехам выслухоўвае славутую прамову Гарлахвацкага. Туляга, якога раней папракалі за нясмеласць і беспрынцыповасць, сёння апраўданы. Супраціў Тулягі - гэта пратэст супраць нахабства, здзеку. Слабы і нерашучы герой перамагае агрэсіўнага, нахрапістага Гарлахвацкага.
Крытыкі-сацыёлагі сцвярджаюць, і не без падставы, што Кандрат Крапіва спрабаваў у завуаліраванай форме выступіць супраць неабгрунтаваных рэпрэсій, а яго Гарлахвацкі - узор тых злавесных паслугачоў рэжыму, з-за якіх сталі магчымымі масавыя рэпрэсіі.
Ці меў Кандрат Крапіва нейкую далёкую «стратэгічную» задуму, калі пісаў гэты твор? Ці прадбачыў святло напрыканцы тунэля -той, апошні смех, калі постсавецкае грамадства будзе развітвацца са змрочным таталітарным мінулым?
Хутчэй за ўсё, тут адыграла сваю ролю інтуіцыя мастака. Яна накіроўвала драматурга на стварэнне шматзначных вобразаў, прымушала рабіць у п'есе нейкае патаемнае дно, разлічваць на варыянтнасць прачытання твора.