Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


слоўнік:гумар

Гэта старая версія дакумента!


Гумар

Гумар (ад англ. humour — гумар, нораў, настрой, схільнасць) — адна з галоўных праяў (побач з сатырай) камічнага ў літаратуры. У адрозненне ад сатыры, гумар смешнае ў жыцці выяўляе не ў востра-здзеклівым, а ў жартоўным, добразычлівым тоне. За маскаю блюзнерства ў гумары хаваецца сур'ёзнае, за нізкім — велічнае, за дуротлівым — мудрае, за смешным — сумнае («скрозь відочны свету смех… нябачныя яму слёзы» — Мікалай Гогаль).
У залежнасці ад эмацыянальнага тону выказвання, ад культурнага ўзроўню стваральніка і ўспрымальніка твора гумар можа быць дабрадушны і жорсткі («чорны»), тонкі і грубы, забаўны і сумны, чуллівы і зларадны і гэтак далей.
У аснове гумару ў літаратуры — смешнае ў жыцці (з'явы, падзеі, людзі). Па словах I. В. Гётэ, ні ў чым так не выяўляецца характар чалавека, як у тым, што ён лічыць смешным. Гэта можна сказаць і пра цэлыя сацыяльныя, нацыянальныя, гістарычныя супольнасці. Гумар (яго характар, пашыранасць, стаўленне да яго) у многім прадвызначае нацыянальны характар. Гумарыстычныя творы выкарыстоўваюць выяўленчыя мажлівасці іроніі, гратэска, парадокса, досціпу. Гумар і сатыра звычайна не пярэчаць адно другому і ў творах сустракаюцца поруч.
Сусветная літаратура ведае нямала імёнаў выдатных гумарыстаў — аўтараў знакамітых гумарыстычных твораў (Эразм Ратэрдамскі, А. Хаям, Франсуа Рабле, М. дэ Сервантэс, Ч. Дзікенс, В. Скот, Марк Твэн, Я. Гашак, М. Гогаль, М. Салтыкоў-Шчадрын, Антон Чэхаў, М. Зошчанка, М. Шолахаў, I. Катлярэўскі, А. Вішня і інш.).
Беларуская гумарыстыка (сукупнасць твораў розных родаў і відаў жартоўнага напрамку) пачалася з фальклору — жартоўных прыказак, прымавак, загадак, песень, прыпевак, анекдотаў, жартаў, казак з камічным сюжэтам і інш. Гумар, як і сатыра, абумовіў своеасаблівасць многіх твораў старажытнай беларускай літаратуры.
Новая беларуская літаратура таксама пачалася з гумару і сатыры («Уваскрэсенне Хрыстова», "Энеіда навыварат", 'Тарас на Парнасе", камедыі і вадэвілі Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і інш.), шырока карысталася ім і карыстаецца да сённяшняга дня. Найбольш пашыраныя жанры сучаснай беларускай гумарыстыкі — гумарыстычныя аповесці («Бацька ў калаўроце» Р. Семашкевіча), апавяданні («Ціхоня» Iвана Грамовіча), памфлеты («Кат у белай манішцы» Кузьмы Чорнага), фельетоны, гумарэскі, байкі, жартоўныя паэмы («Смаргонская акадэмія» Рыгора Барадуліна), вершы і песні («Рыжая сучачка» А. Лойкі, «Скрыпка і бубен» А. Ставера, «Ручнікі» Веры Вярбы), камедыі, вадэвілі, пародыі, эпіграмы, досціпы…
Сярод шэрагу гумарыстаў ХХ ст. (камедыёграфаў, байкапісцаў, парадыстаў, шаржыстаў і інш.), несумненна, вылучаюцца Янка Купала, Якуб Колас, Кандрат Крапіва, Уладзіслаў Галубок, Андрэй Мрый, Андрэй Макаёнак, Васіль Вітка, Янка Брыль, Ніл Гілевіч, Рыгор Барадулін. Своеасаблівасцю сучаснай беларускай літаратуры з'яўляецца пашыранасць у ёй гумарыстычна-сатырычных ананімных твораў, у прыватнасці, ананімных паэм («Сказ пра Лысую гару», «Сказ пра Саўку Паўлава і групу хуткага адпору», «Сказ пра Яфрэма Сакалова і тайную вячэру» і інш.).

слоўнік/гумар.1755964410.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/23 15:53 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki