Майстэрства Кандрата Крапівы-байкапісца
Беларуская літаратура багата на таленавітыя творчыя асобы, але нават і сярод іх індывідуальнасць Кандрата Крапівы вылучаецца велічна, непаўторна, ярка. Талент сатырыка асабліва праявіўся ў жанры байкі.
Байкі К. Крапівы – самабытная з’ява ў беларускай літаратуры. Многія з іх выраслі з народных прыказак і прымавак, на прыкладзе якіх аўтар вучыўся выказваць свае думкі вобразна, сцісла, запамінальна: У чужое проса не сунь носа («Сука ў збане»), Баба з калёс – каню лягчэй («Дзед і Баба»), Кожны цыган сваю кабылу хваліць («Пра Цыгана і кабылу»), Вялікаму каню – вялікі хамут («Саманадзейны Конь»). Нямала ўласных афарызмаў пісьменніка ператварыліся ў прыказкі, прымаўкі, атрымалі агульнанародную вядомасць: Другі баран – ні «бэ», ні «мя», а любіць гучнае імя («Дыпламаваны Баран»), Каб сонца засланіць – вушэй асліных мала («Сава, Асёл ды Сонца»), Як свінню ні кліч, яе заўсёды выдасць лыч («Заява»), Бывае іншы раз і з нашым братам, што галаву заменьваюць мандатам («Мандат»).
Байкі К. Крапівы, «населеныя» мясцовымі жывёламі і птушкамі (свіннямі, парсюкамі, валамі, цялятамі, сабакамі, варонамі, совамі, зайцамі), бічуюць адсталыя людскія звычаі, п’янства, забабоны, пляткарства, асуджаюць бюракратаў, раскрадальнікаў народных здабыткаў, падхалімаў. Падзеі ў байках не алегарычныя, а канкрэтныя. Яны – з сялянскага жыцця, з вясковага побыту.
У байцы «Дыпламаваны Баран» сатырык расказвае пра Барана, які быў настолькі дурным, што нават не пазнаваў сваіх варот.
Ганарыўся ж Баран сваім трывалым лбом:
Такога не страчаў ніколі лба я:
Калі няма разумніка другога,
Пабіцца каб удвух,
Дык ён разгоніцца ды ў сцену – бух!
У іншага дык выскачыў бы й дух,
А ён – нічога.
Каб лягчэй было ўбачыць Барана і вылучыць з гурту, на шыю яму прывязалі мету, жартам назваўшы яе «дыпломам». Баран настолькі заганарыўся гэтым «дыпломам», што вырашыў паказаць сваю вучонасць перад Кошкай. Добра ведаючы абмежаванасць і тупасць Барана, Кошка растлумачыла, што свой «дыплом» ён заслужыў «не галавой, а лбом».
Крыкуноў, саманадзейных людзей, прагных да славы, ды «вузкіх у плячах», высмейвае К. Крапіва ў байцы «Саманадзейны Конь». У якасці эпіграфа да байкі сатырык выкарыстаў народную прыказку «Вялікаму каню – вялікі хамут». Конь, які быў «з сабаку, можа, так, мо з добрае шчаня», скардзіцца на ўсё сяло, што хамут «нібы не да яго», патрабуе ад Гаспадара вялікага хамута. І вось мізэрны Конь упрогся ў воз, які цягнуў ламавік. Воз жа не скрануўся з месца, а «пралезлі праз хамут канёвы персі й ногі, і затрымаўся ён аж ледзь на жываце». У вобразе Каня ўвасоблены рысы крыкуноў, людзей з прэтэнзіямі, якім не па заслугах «веліччу быць хочацца заўсёды».
Маральна-бытавыя праблемы асвятляе К. Крапіва ў байцы «Махальнік Іваноў». Яна гнеўна выкрывае падхалімаў і падхалімства. Сюжэт байкі даволі просты: ваенком, задаволены вынікамі стральбы сваіх падначаленых, вырашыў успомніць сваю маладосць і пастраляць. Стрэліў пяць разоў – і ні адна куля не закранула мішэні. Салдаты ж, якія сачылі за стральбой, далажылі (прамахалі), што ўсе кулі трапілі ў цэль. Западозрыўшы падман, ваенком пайшоў на хітрасць: пачаў страляць халастымі патронамі. Але і пасля гэтага махальнік Іваноў далажыў, што «ў цэнтру самую ўсе пяць загналі зноў». Шэф «пахваліў» Іванова, назваўшы яго сапраўдным падхалімам. Высмеяўшы аднаго падхаліма, К. Крапіва паказвае, што ў падхалімстве вінаваты не толькі асобныя людзі, але і грамадства ў цэлым.
Падзеям міжнароднага палітычнага жыцця прысвечана байка «Жаба ў каляіне». Яна пачынаецца лірычнай замалёўкай летняй працы на сенакосе. «Пагода – проста нібы дым, у вёсцы ўздым», усе напружана працуюць, стараючыся за пагодныя дні накасіць і насушыць як мага больш сена. І толькі Жабе не працуецца, ад злосці яна не знаходзіць сабе месца і, паразважаўшы трохі, вырашае перакуліць нагружаны сенам воз:
Вось толькі сяду ў каляіну,
Плячом пад кола таркану
І к чорту воз перавярну.
Вялікія патугі Жабы, але мізэрныя рэальныя магчымасці: «Тут колам – хрась!.. І кроў і гразь… Пад кола, Жаба, не падлазь».
Байкі К. Крапівы, нацыянальна-самабытныя па характары, былі народжаны надзённымі патрэбамі часу. Яны з’явіліся дзейсным сродкам выкрыцця ўсяго таго, што перашкаджала рухацца наперад. Увабраўшы ў сябе невычэрпныя багацці жывой народнай мовы, народнай мудрасці, яны і ў наш час захавалі сваю дзейсную сілу і моц.