Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:кандрат-крапіва:кандрат-крапіва-байкапісец-ідэйная-накір

Кандрат Крапіва — байкапісец. Ідэйная накіраванасць баек, іх мастацкія асаблівасці. Сатыра і гумар у байках

Пра адметную асаблівасць і байкі як жанру, і сваёй творчасці таксама найлепш сказаў сам байкапісец і драматург Кандрат Крапіва, растлумачыўшы да ўсяго і сэнс свайго псеўданіма:

Хто сустрэўся быў са мною,
Дакрануўся раз ці два,
Дык той ведае ўжо, хто я:
Я — пякучка-крапіва.

Кандрат Крапіва (K.K. Атраховіч) паставіў перад сабой мэту «ўмяшацца ў жыццё і сёе -тое ў ім падправіць». Кожны творца тую ж самую мэту рэалізуе і той жа мэты дасягае па-свойму, адпаведнымі яго таленту сродкамі. Для Кандрата Крапівы такім сродкам, дзейснай зброяй, здольнай патрапіць ва ўсё і ўсіх, што патрабуе ўмяшання і выпраўлення, з'яўляецца сатыра — злы, здзеклівы смех. А жанры, у якіх гэтай зброяй можна патрапіць у«дзесятку», — фельетоны, памфлеты, сатырычныя вершы і байкі. Абібокі, прыстасаванцы, падхалімы, п'яніцы, махляры, самаўпэўненыя і пыхлівыя дурні — вось аб'екты крапівінскага таленту. Дурань перастае быць ваяўнічым і небяспечным, калі яго дасціпна высмеяць.
Аднак байка да ўсяго яшчэ і філасофскі жанр. Мудрасць у байцы выяўляецца не наўпрост, а іншасказальна — алегарычна. Алегорыя — іншасказанне, перадача думкі і абстрактных паняццяў праз прадмет (адушаўлёны ці неадушаўлёны) ці слоўна-вобразны знак: хітрасць — праз вобраз лісы, упартасць — праз вобраз асла. Раскрыць алегарычны сэнс байкі — гэта і значыць акрэсліць яе ідэйную накіраванасць.
У вобразе дыпламаванага Барана сатырык высмеяў ваяўнічую шэрасць і дурасць, ахвочую да розных знешніх «атрыбутаў» яе «выключнасці»: званняў, дыпломаў, пасад, чыноў. У вобразе махальніка Іванова — самую агідную якасць чалавека: страту чалавечай годнасці, халуйства і падхалімства. У вобразе Бабы, што стала «памагаць… седзячы на возе», — бюракратаў, якія пазашываліся ў кабінетах і з усяе сілы імкнуцца пераканаць усіх у сваёй кіпучай дзейнасці, а на самай справе толькі перашкаджаюць працаваць іншым. Яны — пухіры на целе народа, яго крывасмокі. Без такіх бы «каня як чорт панёс», а з імі — воз ні з месца.
У вобразе саманадзейнага Каня ўвасоблены «да славы прагныя, ды вузкія ў плячах». Такія не ўсведамляюць свайго бяссілля і нікчэмнасці, а вінавацяць усіх навокал ці абставіны, якія быццам перашкаджаюць рэалізаваць іх «выключнасць» і «геніяльнасць».
У вобразе ганарыстага Парсюка паказана ўся небяспечнасць пыхлівых і ганарыстых, бо такія пазбаўлены самакрытыкі, здольнасці бачыць, «што ў самога на лычы». Затое «ганарыстыя парсюкі» вельмі падазроныя, помслівыя: «і так ён Падсвінака грызянуў, што той за сажняў пяць адскочыў».
У вобразах палітычнай байкі «Сава, Асёл ды Сонца» сатырык «праўду едкіх слоў» адрасаваў не толькі фашысцкім совам і іх хаўруснікам. У байцы наогул паказана барацьба дабра са злом. Перамога ў барацьбе (у тым аптымізм пісьменніка) абавязкова будзе належаць дабру рана ці позна, бо, «каб Сонца засланіць, вушэй асліных мала».
I ўсё ж камічнага эфекту, такога, каб «рагатала ўся Беларусь» (як пра тое сказаў Іван Навуменка ў артыкуле, прысвечаным крапівінскаму таленту), сатырык дасягае толькі, спалучыўшы трапнасць і загадкавасць алегорыі з выдатна створанай камічнай сітуацыяй.
Байка — эпічны жанр. Нездарма яе справядліва лічаць сатырычнай камедыяй у мініяцюры. A ў камедыі, як і ў любым драматычным творы, аснова, па словах самога ж Крапівы, — гэта канфлікт. Без яго твор разваліцца. I для байкі як сатырычнай камедыі ў мініяцюры вельмі важна камічная сітуацыя на трывалым падмурку канфлікту, што вырашаецца й праз маналогі, а часцей — дыялогі.
Камічная сітуацыя — гэта тая, у якой «героі» вымушаны выявіць самыя ганебныя свае якасці, бо там для іх ужо падрыхтавана «пастка», не трапіць у якую можна толькі «апублікаваўшы» ўсе свае «даброты». Каб пякучка-крапіва змагла папячы рукі-ногі «многім абармотам», трэба ім палезці «за агуркамі». Кандрат Крапіва —геніяльны майстар і канфліктаў у творах, і камічных сітуацый.
Нагадаем толькі самыя кульмінацыйныя моманты камічных сітуацый некаторых баек Кандрата Крапівы і вызначым іх ролю ў дасягненні мэты пісьменніка «сёе-тое ў жыцці паправіць».

Але тут здарыўся скандал:
Пралезлі праз хамут канёвы персі й ногі,
I затрымаўся ён аж ледзь на жываце…
Саманадзейны Конь»)

«Да славы прагныя ды вузкія ў плячах» найлепш выяўляюцца менавіта ў справе, у сітуацыі ўлады, на пасадзе. I тады ўсім становіцца відавочна, што кароль жа голы! Відавочна, што вялізны хамут не мог затрымацца на іх шыі, што воз, якога яны так праглі, нельга пацягнуць з хамутом на жываце.

І наш Асёл за працу ўзяўся шчыра:
Як можна вушы свае шырай
Ён растапырыў распластаў
І проці Сонца стаў…
(«Сава, Асёл ды Сонца»)

Праўда, дабро непераможныя, і ўсе намаганні «Сонца засланіць» аслінымі вушамі — марныя.

…Вось толькі сядуў каляіну,
Плячом пад кола таркану
I к чорту воз перавярну.
Жаба ў каляіне»)

Сіле можа супрацьстаяць толькі большая сіла, а «пад кола Жаба не падлазь» — такая філасофія байкі.

I дзіва дзіўнае было там цэлай часці,
Што можна з халастых ды ўсе пяць куль папасці.
("Махальнік Іваноў")

Падхалімства, як і зло наогул, — бязмежнае, у падхалімаў няма ніякіх прынцыпаў, маралі.

I вось за дурасць гэту
Яго вучоным раз празвалі нейк на смех,
А каб двара не перабег,
На шыю прывязалі мету.
— Вось, — кажуць, — і дыплом табе.
Што гэта за «дыплом» Баран ні «мя», ні «бэ»,
Аднак жа перад Кошкаю пачаў ён ганарыцца…
Дыпламаваны Баран»)

Дурасць і тупасць самі па сабе не існуюць. Яны заўсёды ў пары з пыхай, высакамер'ем — псіхалагічна тонка заўважыў сатырык. I заадно папярэдзіў, што вялікая небяспека ідзе не ад бараноў, а ад бараноў дыпламаваных, не ад дурасці і шэрасці, а ад дурасці ваяўнічай.

Ці верыце яшчэ вы, мілыя мае?
Ён (Казёл) нават малако даe.
(«Сваяўство»)

Падхалімства, пратэкцыянізм, дыктатура — таксама «жывёлы з аднаго хлява». Мэты іх вядомыя, для дасягнення іх не грэбуюць ніякімі сродкамі і на ўсё гатовы тыя, што вядуць казла да ўлады. Яны будуць пець яму гімны і запэўніваць усіх, што ён нават малако дае.
Сатырык папярэджвае, што ў падобных сітуацыях, каб не стаць заложнікам інтрыг, шарлатанства жывёл «з аднаго хлява», важна ўсведамленне, што малако «лепей кароўе».
Кампазіцыйна і бытавыя, і палітычныя байкі складаюцца з дзвюх частак: апавядальнай, у якой эфект камізму дасягаецца камічнай сітуацыяй і алегарычнымі вобразамі, і маралі, вываду. Адметнасцю гэтай часткі крапівінскіх баек з'яўляецца трапна сфармуляваная філасофія. Многія ўдалыя, ёмістыя вобразныя выслоўі сатырыка сталі крылатымі: «Каб Сонца засланіць, вушэй асліных мала», «Другі Баран ні «бэ» ні «мя», а любіць гучнае імя», «Як ты свінню ні кліч, яе заўсёды выдасць лыч», «Кіраваць-то ты кіруй, ды не вельмі тузай»; «да славы прагныя, ды вузкія ў плячах», «памагаць, седзячы на возе».

Падобныя старонкі

творы/кандрат-крапіва/кандрат-крапіва-байкапісец-ідэйная-накір.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:55 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki