Анатоль Вярцінскі адзін з першых паэтаў, які па-філасофску інтэлектуальна асэнсоўвае рэчаіснасць і шматгранныя аспекты яе праяўлення. Кожная яго кніга – сведчанне таленту, глыбокага разумення сэнсу жыцця, актыўнага пошуку высокага ідэалу, гармоніі. Выкарыстоўваючы духоўны вопыт біблейскіх прытчаў, міфаў і філасофскіх канцэпцый, паэт вучыць чалавечнасці, патрабуе высокамаральнага і сумленнага стаўлення да жыцця. Сваё жыццёвае крэда А. Вярцінскі сфармуляваў так: «Для чалавека мала проста ненавідзець. Для чалавека мала проста любіць. Для чалавека мала быць проста сумленным. І проста чалавечным мала быць для чалавека. Чалавек яшчэ павінен адчуваць адказнасць за лёс другіх людзей, жыць для другіх, змагацца за агульныя інтарэсы і ідэалы».
Творам А. Вярцінскага ўласцівы высокі грамадзянскі пафас, філасафічнасць, аналітычнасць. Паэт асэнсоўвае вечныя праблемы чалавечага існавання, маральныя каштоўнасці жыцця, услаўляе духоўную веліч чалавека, выкрывае абыякавасць і самазадаволенасць. У вершах яго можна знайсці мастацкае тлумачэнне такіх катэгорый, як дабро, праўда, шчасце, ісціна. Сапраўднае шчасце для паэта «не ружова-наіўнае, як першы веснавы цвет», а «сурова-зімняе, што знаходзіць свой шлях у муках і баях». Праўда – гэта тое, што «відавочна, што можна ўбачыць і ўчуць, што можна сэрцам адчуць». А. Вярцінскі «хлуснёю называе хлусню, а мітуснёю – мітусню, нядоўгае – нядоўгім, нядобрае – нядобрым, нячыстае – нячыстым, злачыннае – злачынствам». У невялічкім па памеры вершы «Акіян і лужына» ён выкрывае людзей з беспадстаўнымі прэтэнзіямі, маніяй велічы.
Лірычны герой многіх твораў А. Вярцінскага – няўрымслівы «дзівак-чалавек», які не можа змірыцца з няпраўдай, імкнецца да ўдасканалення навакольнай рэчаіснасці, не заўсёды задаволены вынікамі сваёй дзейнасці, марыць аб «цярністых шляхах з іх круцізною, з іх небяспечнай загадкаю», хоча годна прайсці свой шлях і не здацца нягодам. Нягледзячы на жыццёвыя недарэчнасці, няўдачы і расчараванні, гэты герой паўтарае,
Што ёсць дабро на свеце,
Што будзе дабро,
Што пераможа дабро.
Памяці маці прысвяціў А. Вярцінскі паэму «Заазер’е». З радкоў гэтага твора паўстае вобраз маці-працаўніцы, якая «была з тых, хто ў жыцці не кране птушаня», «каго крыўдзяць, як птушку, часта». Памерла маці – і асірацеў родны кут. Аплакваючы маці, аўтар узнімае праблему міласэрнасці, павагі да жанчыны, нагадвае сучаснікам пра святы абавязак дзяцей перад сваімі бацькамі.
Верай у перамогу дабра, гармоніі на зямлі напоўнена паэма А. Вярцінскага «Колькі лет, колькі зім!». Грозныя буры і стыхіі, якія праляталі над планетай, стараліся прыдаць жыццю неўладкаванасць, унесці ў яго дысгармонію. Але нязменна планета рухалася па шляху абнаўлення, перамагаючы зло:
Чутна: вярнулася птушка з выраю,
песню спявае сваю ціхамірную.
Звісаюць з нябёс да ўлоння зямнога
плады залатыя жыцця… Перамога!
Перамаглі: гармонія – тлум,
добрая воля – гвалт і глум,
святло – карычневую чуму,
вясна – зіму.
Многія радкі вершаў А. Вярцінскага створаны пад уплывам вуснай народнай творчасці (асабліва прыказак і прымавак), успрымаюцца як афарызмы. Напрыклад: «Нашто бяссрэбранікам серабро – пасрэдных людзей пасрэднік», «Не ўсе хочуць быць добрымі, ды хочуць усе дабраты», «Расстаёмся з самімі сабою – нехта з боем, а нехта без бою», «Самае лепшае свята на зямлі, калі яго спраўляюць двое». Паэт, працуючы ў розных паэтычных жанрах, спрыяў сціранню ўмоўных межаў паміж імі. Ён першы ў беларускай літаратуры стварыў новы жанр прозапаэзіі, які ўяўяляе з сябе своеасаблівы пераход ад вершаванай да празаічнай мовы.
У складаны час напярэдадні ХХІ ст. паэт, на думку А. Вярцінскага, павінен «гаварыць пра сябе як пра час і пра час – як пра сябе, гарэць у вершах усёй сваёй чалавечай сутнасцю», садзейнічаць дасягненню кожным чалавекам «высокага неба ідэала». Разважаючы над мінулым і сённяшнім жыццём чалавецтва, паэт у адным з вершаў зборніка «Ветрана» сцвярджае:
Жыццё даецца, каб жыццё тварыць.
Маральны самы, самы натуральны
пачатак гэты вось жыццестваральны.
Інакш – якая ад жыцця карысць?
Тварыць!
Жыццё даецца, каб жыццё тварыць,
Не марнаваць, не нішчыць, не бурыць, –
Тварыць!