Яшчэ расці маёй трывозе
І не любіць – на паўкрыла.
Убачу маму на дарозе
У шуме жытняга святла.
І покуль гэты поўдзень спелы
Дым тарфяны не завалок,
На зрэзе дня – рамонак белы
І пасівелы васілёк.
Снуецца беглая сцяжына –
Апошні збег майго сяла.
Гняздзечка птушкі і ажына –
У шуме жытняга святла.
І покуль дыхае планета,
Не вынішчаецца датла
Душа народа і паэта
У шуме жытняга святла.