Яўгенія Янішчыц — Зона святла

Зялёны шум. Дарогі палатно.
І прагне, і шукае слова – слова.
Яшчэ не спіць у Мележа акно,
Яшчэ святло не гасне ў Куляшова.

Зялёны святлафор а ці імгла,
Наперадзе дыстанцыя ці фініш?
Жыццё,
жыцця ты іншага не мысліш
На катарзе любові і святла!

Аціхнуць спрэчак трэскі. Схлынуць стрэсы.
Дарога сцежку выбера ў глушы.
І некаму пажаліцца на бессань,
На непагоду ў свеце і ў душы.

Ды ў час, калі шукае слова – слова,
Знябыўшы тлусты тлум і мітусню,
Агеньчык цыгарэты Куляшова
І журавіны Мележа – прысню.

Падобныя старонкі