Жыццё і творчасць Яна Чачота

У яго творчасці можна бачыць досвітак новай беларускай літаратуры, прадвесне нашага нацыянальнага адраджэння. Без Чачота працэс фармавання новай беларускай літаратурнай мовы, станаўлення самастойнай беларускай літаратуры, безумоўна, ішоў бы іначай і быў бы больш павольным.
Нарадзіўся Ян Чачот 24 чэрвеня ў засценку Малюшычы на гістарычнай Наваградчыне (цяпер гэта Карэліцкі раён Гродзенскай вобласці). Быў двойчы хрышчаны – паводле ўніяцкага і рыма-каталіцкага абрадаў. Крыху пазней Янавы бацькі пераехалі на службу ў маёнтак Рэпіхава (сёння гэта мясціна знаходзіцца ў Ляхавіцкім раёне Брэсцкай вобласці). Там, на беразе ракі Мышанкі прайшло дзяцінства Яна Чачота. Адсюль ён быў выпраўлены на вучобу ў Наваградскую дамініканскую гімназію, дзе завязалася яго цеснае сяброўства з Адамам Міцкевічам. Пасля заканчэння гімназіі ў 1815 г. абодва хлопцы накіраваліся ў Вільню. Адаму Міцкевічу ўдалося трапіць у лік студэнтаў Віленскага ўніверсітэта, што меліся навучацца за казённы кошт. Ян Чачот жа мусіў шукаць нейкую працу і, папрацаваўшы год на сакратарскіх і пісарскіх пасадах, здолеў паступіць на факультэт маральных і палітычных навук. У 1817 г. ён актыўна далучыўся да дзейнасці Таварыства філаматаў, актыўна выступаў на пасяджэннях са сваімі літаратурнымі спробамі, навуковымі дакладамі, рэцэнзіямі на працы і творы сваіх калегаў. Каля 1818 г. з’явіліся і першыя, вядомыя нам сёння, уласныя літаратурныя творы Чачота. Пасля таго, як Адам Міцкевіч па заканчэнні ўніверсітэцкай адукацыі ад’ехаў на працу ў Коўна, ён даручыў менавіта Яну Чачоту рыхтаваць віленскае выданне сваёй паэзіі, і сёння мы ведаем міцкевічавы «Балады і рамансы» якраз у рэдакцыі, падрыхтаванай Чачотам. Разгром таварыстваў філаматаў і філарэтаў, учынены расійскімі ўладамі, скончыўся для Яна Чачота – аднаго з галоўных ідэолагаў філамацкага руху – суровым прысудам: высылкай за Урал. Пры гэтым першыя паўгода ён мусіў адседзець у крэпасці Кізіл, а пасля яго перавялі ва Уфу. З 1830 г. Чачоту дазволілі жыць у Маскве. Далейшымі вымушанымі месцамі яго жыхарства былі расійскія гарады Цвер і Таржок, аж пакуль у 1833 г. улады не дазволілі яму вярнуцца пад нагляд паліцыі ў Беларусь. Ян Чачот пераехаў у Лепель, працаваў там у дырэкцыі Бярэзінскага канала і актыўна займаўся збіраннем народных песень, што пазней увайшлі ў яго знакамітыя зборнікі «Сялянскія песні з-над Нёмана і Дзвіны» (6 кніг, 1837-1846). Толькі ў 1839 г. ён атрымаў дазвол вярнуцца на родную Наваградчыну. Здароўе Чачота ўсё больш падупадала; ён выехаў на лячэнне ў Друскенікі (цяпер – горад у Літоўскай Рэспубліцы), але хвароба аказалася невылечнай, і дзень 23 жніўня 1847 г. стаў апошнім днём яго жыцця. Пахаваны Ян Чачот непадалёк ад Друскенікаў, на парафіяльных могілках у вёсцы Ротніца.
У літаратурным даробку Чачота даследчыкі бачаць рысы сентыменталізму, перадрамантызму і, уласна, рамантызму. У 1818-1819 гг. ён напісаў на польскай мове шэраг балад, у аснову якіх пакладзеныя сюжэты і вобразы беларускага фальклору. Гэтыя балады не былі надрукаваныя аж да 1972 г., але, несумненна, у рукапісах яны былі вядомыя пэўнаму колу зацікаўленых чытачоў – перадусім, калег з асяроддзя філаматаў і філарэтаў. Балады Чачота маюць выразны перадрамантычны характар, ім часцяком уласцівы асветніцкі дыдактызм, маралізатарства, але часам у іх праглядаюцца і раннерамантычныя рысы.
Легендарна-міфалагічную прыроду мае сюжэт балады «Радзівіл, альбо Заснаванне Вільні». Міф (у інтэрпрэтацыі «Хронікі» Мацея Стрыйкоўскага) пра Крыве-Крывейту – вярхоўнага жраца паганскага бога Пяркунаса – спалучаны з легендай пра заснаванне Вільні першапродкам роду Радзівілаў Ліздзейкам. Ліздзейка быў сынам Крыве-Крывейты і дзяўчыны-пастушкі, якую той спакусіў і кінуў, у выніку чаго яна скончыла жыццё самагубствам. Рамантычны змест балады дапаўняецца надзвычай эмацыйным паэтычным малюнкам. Вось гэткім чынам, напрыклад, аўтар паказвае Крыве-Крывейту, калі той знайшоў у лесе нежывое цела сваёй колішняй каханкі:

…Упаў перад ёй і халодныя губы
Каханай цалуе ў адчаі.
Ды толькі яна не прашэпча ўжо: «Любы…»
О, хто яго гэтак карае?
Яе амывае слязою гарачай –
Ну, як ажывіць яе, людзі?
Але ні слязьмі, ні рыданнем, няйначай,
Не ўзрушыш застылыя грудзі.

(Тут і далей пераклад Кастуся Цвіркі)


Два народныя паданні пакладзеныя Янам Чачотам у аснову балады «Мышанка». Адно – пра дачку небагатага ліцвіна Мышкі, якая выбрала смерць, каб не быць зганьбаванай лёгкадумным княскім рыцарам. Другое – пра гаспадара, які назваў сваю сядзібу Мышшу, бо вырашыў:

…Дам селішчу імя той першай істоты,
Што заўтра мне стрэнецца рана.


Глыбокім пачуццём любові да родных мясцін прасякнутыя строфы балады:

Не знаю, дзе буду, памру дзе, не знаю,
Ды ўдзячны зямлі я, дзе вырас,
Я ў думках лячу зноў да роднага краю,
Здалёк мне відаць яго вырыс.

Мышанка мая! За ўсе краскі, за тое,
Што жыў тут, табою прыгрэты,
За светлае ранне сваё залатое, –
Прымі ж ты вянок мой во гэты.


Сярод улюбёных тэм беларускіх народных паданняў, песняў – таямнічае возера Свіцязь. Натуральна, што гэты фальклорны матэрыял прыцянуў увагу і Яна Чачота, і Тамаша Зана, і Адама Міцкевіча. У Чачотавай баладзе «Свіцязь» зноў-такі пераплятаюцца сюжэты дзвюх легендаў. У першай гаворка ідзе пра смерць купца ад рук хлопца-бедняка, што хацеў здабыць руку і сэрца каханай прыгажуні з дапамогаю д’ябла. Другі сюжэт звязаны з матывам помсты: на свяце ў колішняга забойцы з’яўляецца галава забітага купца, якая патрабуе адплаты. Д’яблы забіраюць у пекла вінаватага ў забойстве, ад моцнай віхуры абрынаецца палац, ляціць у прорву і ўвесь Свіцязь-горад…
На беларускім фальклорным матэрыяле заснаваныя таксама сюжэты балад «Калдычэўскі шчупак», «Узногі», «Падземны звон на гары ў Пазяневічах», збольшага гістарычныя крыніцы натхнілі Чачота на напісанне твораў «Наваградскі замак» і «Бекеш», якія, зрэшты, толькі ўмоўна можна назваць баладамі. Але ў поўным сэнсе рамантычнымі творамі, заснаванымі выключна на гістарычным матэрыяле (згаданай «Хроніцы» Стрыйкоўскага і шматтомнай «Гісторыі літоўскага народа» Тэадора Нарбута), з’яўляюцца вершы з цыклу «Спевы пра даўніх ліцвінаў да 1434 года», якія Чачот напісаў у апошні перыяд сваёй творчасці (1842-1844). Гледзячы па ўсім, аўтар марыў пра тое, каб гэтыя вершы сапраўды спяваліся: адсюль невялікі памер кожнага з твораў і «песенны» характар строфаў (найчасцей чатырохстопны або трохстопны харэй).
Выключная роля Яна Чачота ў станаўленні новай беларускай літаратуры палягае ў тым, што ён разумеў значэнне беларускай мовы для будучага адраджэння нацыі і сам ахвотна і досыць шмат пісаў па-беларуску. На жаль, з беларускамоўных вершаў філамацкага перыяду да нас дайшлі, па сутнасці, толькі тры: «Яжовыя імяніны», «На прыезд Адама Міцкевіча», «Да пакіньце горла драць!» (усе – 1819). Куды больш пашанцавала пазнейшым вершам Чачота, напісаным на ўзор народных песень і ўключаным у склад чацвёртай (1844) і шостай (1846) кніг «Сялянскіх песень з-над Нёмана і Дзвіны». Усе беларускамоўныя творы Яна Чачота прасякнутыя асветніцкай ідэалогіяй: у іх дамінуе сентыменталісцкая паэтыка, спалучаная з выразным дыдактызмам. Гэтак, у вершы «Да мілых мужычкоў» аўтар напачатку спрабуе абудзіць сентыментальныя пачуцці ў адрасатаў свайго твора:

…І мне Бог на свеце даў

Гора гараваці,

Штобы лепш я вас любіў

І ўмеў спагадаці…


Пасля ж пафас твора скіроўваецца на заклікі да сялян весці цвярозае жыццё:

…Кіньце першы, жонкі, вы,

Мілыя дзяўчаты,

Доля, шчасце зачне жыць,

Дзе цвяроза хата…


Гэтая ж праблематыка атрымоўвае сваё далейшае развіццё ў вершах «Ой, у кусце, у хрусце…», «Як то добра, калі мужык…», «Хто тут піяк, то такоўскі…», «У лесе такуець цецярук…», «Каб у карчме не сядзеў…», «Быў я колісь кавалём…», «Маладыя маладзіцы…», «Кепска робім, жаначкі…», «Выведзьце, жаночкі, з карчмы мужыкоў…» і інш. Ян Чачот спрабуе таксама сілай паэтычнага слова адвучыць сялян ад гультайства, неахайнасці і нядбайнасці («Ой, гаспадыня чорна, як камін…», «Шчабячэце, як сарокі…», «Нашто нам дым выядае вочкі?..», «Ой ты, суседзе багаты…», «Не на тое Бог стварыў…», «Працуйма, дзеткі, шчыра…»), пасеяць у сялянскіх душах зерне спагады і высакароднасці («Плакала бяроза ды гаварыла…», «А мая ж ты кветачка…», «Ой, чаму ж ты, зязюлечка…»), заклікаць да згоды паноў і мужыкоў («Паночкі, нашы кветачкі…», «Покуль сонца ўзыдзе…», «Поле, поле шырокае…»).
Ян Чачот выявіў сябе і ў якасці таленавітага публіцыста, глыбокага мысляра. У архіве філаматаў захаваўся тэкст яго прамовы на пасяджэнні Таварыства 7 траўня 1821 г. «Пра будучае прызначэнне Таварыства філаматаў, пра варыянты яго сённяшняй будовы, пра тое, наколькі яны адпавядаюць нашым мэтам», а таксама артыкулы «Думкі для ніжэйшага класа», «Думкі, якія павінен пашыраць вышэйшы клас». У гэтых працах аўтар разважае над тым, як пашырыць гуманістычныя ідэі філаматаў у асяроддзі. У ідэалістычна-рамантычным духу ён фармулюе стрыжнявыя паняцці філамацкага гуманізму: што такое шчасце, хто такі сапраўдны грамадзянін, дзеля чаго мусіць існаваць рэлігія, якую шкоду грамадству нясуць маральная распушчанасць, празмернасць і раскоша, якую карысць даюць ашчаднасць, працавітасць, якім чынам можна пашырыць асвету ў родным краі, якія навукі найбольш патрэбныя гэтаму краю, якія існуюць шляхі паляпшэння хатняга выхавання. Ян Чачот заклікае сваіх калегаў быць станоўчым прыкладам для іншых, выказвае шэраг грамадска-палітычных ідэй: «не могуць быць добрымі грамадзянамі там, дзе кепскі ўрад», «найлепшы ўрад будзе там, дзе ўсё робіцца згодна з пажаданнем народа, а не з волі, капрызу і сілы аднаго», «супроць грамадскай думкі зброя і любая сіла – нішто» і г. д. Ён зазначае таксама, што «ні асвета краю, ні земляробства не можа больш хуткімі тэмпамі рухацца наперад, пакуль не будзе зліквідаваная ганебная, замшэлая цягам стагоддзяў і аброслая рознымі забабонамі перашкода – няволя сялян…»
У гэтых думках – увесь Чачот, рамантычна-захоплены і рацыяналістычны, перапоўнены эмоцыямі і прагматычна-ўзважаны.


Крыніца: Баршчэўскі Л.П., Васючэнка П.В., Тычына М.А. Словы ў часе. Літаратура ад рамантызму да сімвалізму і нашаніўскага адраджэння. Санкт-Пецярбург, 2014

Падобныя старонкі