творы:янка-сіпакоў:янка-сіпакоў-шануйце-зямлю-нашу-ўвесну
Янка Сіпакоў — Шануйце зямлю нашу ўвесну...
Шануйце зямлю нашу ўвесну,
Што ўся аддалася сяўбе.
Як ёй жывецца, балеснай,
Семя прыняўшы ў сябе?
Шкадуйце зямлюсю ўлетку –
Цяжарныя хлебам палі.
А ўсё, што з надзеяю гэткай,
Хіба зневажалі калі?!
Беражыце зямельку ўвосень –
Спакойна раджае няхай
Усё, што ў сабе яна носіць
Ад сеялкі і лемяха.
Не чапайце зямліцу зімою,
Што нібы парадзіха ў сне.
Гордая стомай сваёю
Няхай і яна адпачне.
Падобныя старонкі
творы/янка-сіпакоў/янка-сіпакоў-шануйце-зямлю-нашу-ўвесну.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:45 — vedybeadmin