творы:янка-сіпакоў:янка-сіпакоў-твае-рукі
Янка Сіпакоў — Твае рукі
Твае рукі, твае рукі нада мною, –
Нібы лебедзі над белаю зімою.
Як ласкава яны кружаць
І са мной па леце тужаць,
Нібы лебедзі над белаю зімой.
Цяжка, рукі, расставацца з вамі дужа
І без вас мне аставацца паміж сцюжаў…
Не ляціце, рукі, ў вырай,
Нада мной кружыце шчыра –
Нібы лебедзі над белаю зімой.
Я люблю, як твае рукі нада мною –
Нібы лебедзі над белаю зімою,
Як яны садзяцца міла,
Склаўшы крылы, склаўшы крылы, –
Нібы лебедзі над белаю зімой.
Калі лашчаць валасы мне твае рукі–
Слухаю, бы песню, я іх рухі.
А яны пяюць шчымліва
І крыляюць палахліва, –
Нібы лебедзі над белаю зімой.
Падобныя старонкі
творы/янка-сіпакоў/янка-сіпакоў-твае-рукі.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:45 — vedybeadmin